У Брэсце палітзняволеную асудзілі на 3,5 года калоніі за дапамогу палітвязням
Наталля Малец
У Брэсце палітзняволеную асудзілі на тры гады і шэсць месяцаў калоніі за дапамогу палітвязням. Пенсіянерку Наталлю Малец прызналі вінаватай у "садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці", паведамляюць праваабаронцы. Яе справу разглядаў Брэсцкі абласны суд (суддзя — Руслан Сянько).
Малец ужо была асуджана ў снежні 2022 года за "абразу прадстаўніка ўлады" на 1,5 года "хатняй хіміі". У верасні 2023-га жанчыну зноў затрымалі і змясцілі пад варту. Сілавікоў зацікавіла "падазроная актыўнасць жанчыны ў ажыццяўленні грашовых пераводаў". Следчы камітэт назваў яе "спонсарам экстрэмізму". СК сцвярджаў, што "ледзь не штодня яна адпраўляла розныя сумы на рахункі грамадзян, якія ўтрымліваюцца ў следчых ізалятарах", пераводзіла грошы "выключна асобам, якія ўчынілі злачынствы экстрэмісцкай накіраванасці". Следчыя налічылі 125 пераводаў 114 беларусам на суму больш за 1,5 тысячы рублёў.
Праваабаронцы яшчэ летась прызналі Наталлю Малец палітзняволенай.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.