У Бруселі абмеркавалі сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі

У Бруселі абмеркавалі сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі

У Бруселі абмеркавалі сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі. Прадстаўнікі беларускай грамадзянскай супольнасці Жанна Літвіна (экс-старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў) і Алесь Бяляцкі (праваабаронца, былы палітвязень) прапанавалі ЕС не зніжаць узровень маніторынгу сітуацыі з правамі чалавека ў нашай краіне і працягваць у сувязі з гэтым націск на афіцыйны Мінск. З імі сустрэліся намеснік генсакратара Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Хельга Шмід, спецыяльны прадстаўнік Еўрасаюза па правах чалавека Стаўрас Ламбрынідыс, паслы еўрапейскіх краін пры ЕС па палітычных пытаннях і пытаннях бяспекі.

"Беларускія праваабаронцы адзначылі, што пасля вызвалення ў жніўні 2015 года палітычных зняволеных ніякіх іншых пазітыўных зменаў у сферы правоў чалавека і дэмакратыі ў Беларусі не адбылося, а прэзідэнцкія выбары ў кастрычніку прайшлі з вялікімі парушэннямі і фальсіфікацыямі", — паведамляе сайт spring96.org.

На думку прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, праблемы з правамі чалавека і дэмакратыяй у Беларусі працягваюць насіць сістэмны характар: адзначаецца ціск на актывістаў і журналістаў, выносяцца новыя смяротныя прысуды і адмовы ў рэгістрацыі грамадскіх арганізацый. Бяляцкі і Літвіна заклікалі ЕС прыняць і апублікаваць план "першачарговых чаканых ад уладаў Беларусі мер, накіраваных на прагрэс у сферы правоў чалавека ў краіне", а таксама ўзгадніць з імі "дарожную карту" па выкананні гэтага плана.

Адзначым, што ў сярэдзіне лютага Еўрасаюз прыме рашэнне аб санкцыях супраць беларускіх чыноўнікаў, адказных за парушэнні правоў чалавека і фальсыфікацыі на выбарах. Ужо некалькі месяцаў яны прыпыненыя. Улады Беларусі спадзяюцца, што ЕС іх цалкам адменіць.

У Бруселі абмеркавалі сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі
Алесь Бяляцкі, Стаўрас Ламбрынідыс і Жанна Літвіна. Фота: Twitter

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі