У дыялогу з Еўропай выйграе беларуская апазіцыя?

Для беларускай апазіцыі нарэшце знайшлося месца ў дыялогу з Еўропай. Пра гэта на сустрэчы з журналістамі падчас саміту па “Ўсходнім партнёрстве” ў Празе заявіў былы кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Казулін. Такі дыялог карысны перш за ўсё для беларускай апазіцыі, лічыць рэдактар “БДГ” Пётр Марцаў.

Пётр Марцаў: “Гэты дыялог можа паўплываць на апазіцыю, на яе мэты, на яе задачы, на яе працу. Таму што пакуль беларуская апазіцыя працуе ў вакууме. Не суадносяць палітычныя задачы, палітычную рэальнасць са сваёй працай. Я думаю, калі заходнія калегі растлумачаць беларускай апазіцыі, як трэба працаваць, то, можа, гэта і паўплывае на беларускую апазіцыю”.

Акрамя гэтага, лічыць спадар Марцаў, такі дыялог — дадатковая крыніца інфармацыі для Еўропы.

Пётр Марцаў: “Гэта, безумоўна, пэўны дадатковы канал інфармацыі пра Беларусь для Еўрапейскага Саюза, іншы погляд на сітуацыю”.

У межах саміту ў Празе адбыўся “Грамадзянскі форум” з удзелам прадстаўнікоў дэмакратычнай супольнасці шасці краінаў-удзельніцаў “Усходняга партнёрства”. Удзельнік форуму, палітык Аляксандр Мілінкевіч лічыць, што гэтая падзея — першая спроба сабраць прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці разам.

Аляксандр Мілінкевіч: “Гэты форум — першая спроба сабраць прадстаўнікоў аналітычных інстытуцый і грамадзянскай супольнасці. Беларусь была прадстаўленая даволі шырока. І яны абмяркоўвалі, якая можа быць стратэгія, якія могуць быць нюансы ў розных краінах, найбольш балючыя кропкі, праблемы правоў чалавека, свабодаў і г.д. Там працавалі рабочыя групы, якія выпрацавалі пэўныя накірункі”.

Якой будзе другая спроба, пакуль невядома. Аднак як зазначыла ў размове з Еўрарадыё прэс-сакратарка камісіі па знешніх сувязях Еўракамісіі Крысціян Хохман, дата наступнага форуму будзе вызначаная да канца года. Акрамя гэтага, спадарыня Хохман сказала, што дыялог, у якім знайшлося месца беларускай дэмакратычнай супольнасці, — не двухбаковы. У яго ўваходзяць таксама і прадстаўнікі іншых краінаў-удзельніцаў “Усходняга партнёрства”.

Крысціян Хохман: “Гэта не дыялог паміж Беларуссю і ЕС. Але гэта праца ЕС у межах праграмы “Ўсходняе партнёрства”. Гэтая праграма таксама ўключае ў сябе “Грамадзянскі форум”. Першы такі форум адбыўся ў Празе ў межах саміту на мінулым тыдні. Але ўсё будзе вядома дакладна да канца гэтага года восенню. У нас яшчэ не прызначаная дата. Гэта таксама тое, дзе павінны ўдзельнічаць прадстаўнікі Беларусі”.

Былы кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Казулін мяркуе, што вынікам такіх форумаў будуць перш за ўсё экспертныя ацэнкі і маніторынг сітуацый у краінах. Аднак гарантыяў працягласці такога дыялогу ніхто не дае.

Аляксандр Казулін: “У першую чаргу гэта будуць экспертныя ацэнкі, маніторынг таго, што адбываецца. Гарантыяў ніхто не дае. Але зараз зроблены першы, самы важны крок”.

Пры адсутнасці гарантыяў з боку Еўропы на беларускай апазіцыі ляжыць яшчэ большая адказнасць за працягласць дыялогу, які ўсталяваўся.

Нагадаем, як заявіў старшыня Камісіі па замежных справах Еўрапарламента Яцэк Сарыюш-Вольскі, восенню на сходзе па Еўрапейскім Усходнім суседстве Беларусь будзе прадстаўляць таксама і апазіцыя.

Як паведаміў дэпутат Еўрапарламента, увосень падчас новай кадэнцыі Еўрапарламента пачне працаваць сход Euronest (European Neighbourhood East — Еўрапейскае суседства Ўсход). На ім будзе прысутнічаць 60 еўрапарламентарыяў і 60 парламентарыяў з усходніх краінаў па 10 з кожнай: тры каўказскія рэспублікі, Малдова, Украіна. І паколькі Еўрасаюз не прызнае легітымнасць беларускай Палаты прадстаўнікоў, на сход будуць запрошаныя прадстаўнікі беларускай апазіцыі.

А вось Аляксандр Мілінкевіч расказаў, што Еўропа прапанавала некалькі варыянтаў. Сярод іх — запрашэнне на сход і апазіцыі, і парламентарыяў Беларусі. Аднак беларускія ўлады пакуль на такі варыянт не пагадзіліся.

Аляксандр Мілінкевіч: “Яны прапанавалі розныя варыянты. Напрыклад, палова ад апазіцыі, палова ад Палаты прадстаўнікоў. Пакуль што ўлады не пагадзіліся на такі варыянт”.




Фота www.svaboda.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі