У Дзяржынску для пацыентаў з кавід, якія стаяць у чарзе, усталявалі палатку
Палатка, дзе можна сагрэцца ў чаканні чаргі да лекара / dzr.by
У Дзяржынску для пацыентаў з падазрэннем на COVID-19, якія чакаюць чаргі да доктара, арганізавалі некалькі дадатковых лакацый. Яны могуць чакаць прыёму не толькі ля інфекцыйнага кабінета, але таксама ў канферэнц-зале паліклінікі і ў спецыяльна ўсталяванай ацяпляльнай палатцы. Пра гэта расказвае рэсурс dzr.by.
Журналісты рэсурсу распыталі пра сітуацыю з захворвальнасцю на COVID-19 галоўнага доктара мясцовай ЦРБ Ігара Шамаля.
"Сітуацыя няпростая, але кантралюецца", — сказаў ён. Людзей хварэе шмат, і рост захворвальнасці пакуль працягваецца. Але асноўная нагрузка цяпер прыходзіцца на паліклініку. На пачатак тыдня ў Дзяржынскім раёне па дамах хварэла больш за 2300 чалавек, з іх — каля 200 дзяцей. Шпіталізацый у гэтую хвалю менш, кажа медык.
"Калі ў папярэднія хвалі наш інфекцыйны стацыянар налічваў да 180 ложкаў, то сёння нам пакуль хапае 55. Менш і кісларод-залежных, і цяжкіх пацыентаў", — расказаў Ігар Шамаль. Тым не менш у рэанімацыі штодня знаходзіцца каля васьмі чалавек.
Галоўны доктар таксама расказаў пра новыя падыходы да ПЦР-тэставання. Тэсты цяпер робяць тым, каму патрэбная шпіталізацыя. Але людзі, паводле яго слоў, працягваюць стаяць у чэргах, чакаючы магчымасці зрабіць тэст. Да 10% зваротаў у паліклініку на гэты момант "звязаныя толькі з жаданнем здаць тэст, каб удакладніць, ці ёсць COVID". Чэргі зрабіліся б меншымі, калі б частка пацыентаў скарысталася магчымасцю купіць тэст у аптэцы і самастойна зрабіць яго дома, сказаў доктар.
У Беларусі ў апошнія два тыдні расце захворвальнасць на каранавірусную інфекцыю. Міністэрства аховы здароўя вымушанае было перавесці паліклінікі на працу без выходных і дазволіла медыкам ставіць дыягназ COVID-19 без дадатковага тэставання. Афіцыйныя лічбы статыстыкі таксама істотна выраслі: замест звыклых 1,2-2 тысяч новых выпадкаў у суткі Міністэрства аховы здароўя ў апошнія два тыдні паведамляе пра 5-9 тысяч новых хворых.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.