У Еўропе ўпаў попыт на кватэры і пачалі зніжацца кошты на жыллё

У Польшчы, як і ў Беларусі, праблема з крэдытамі, таму кватэры не прадаюцца, а ў Нямеччыне квадратныя метры скупляюць расіяне, італьянцы і брытанцы. Кошты на жыллё знізіліся не толькі ў Беларусі, але і ў нашы заходніх суседзяў. Нягледзячы на патанненне кватэр, попыт на іх зменшыўся. Як раней паведамляла Еўрарадыё, у нашай краіне продажы жылля знізіліся ў 3-4 разы. З-за дэвальвацыі, а кошты на кватэры былі прывязаныя да рубля, цяпер можна знайсці жыллё па 1100 долараў за квадратны.

Тым часам, у Польшчы таксама пачынаецца зніжэнне цэнаў на кватэры. У варшаўскім агенцтве нерухомасці “J.W. Construction” распавялі Еўрарадыё, што квадратныя метры не патаннелі так, як гэтага чакалі ўсе, хто хоча набыць сабе жыллё.

“J.W. Construction”:“Уладальнікі не спяшаюцца прадаваць свае кватэры. Усе, хто не мае патрэбы тэрмінова прадаваць, прытрымліваюць іх. Прадаюць толькі тыя, каму гэта вельмі патрэбна. Ну і канешне некаторыя зніжаюць кошты. Але зніжэнне гэтае не такое вялікае, як можна было чакаць”.

Сярэднія кошты на квадратны метр варшаўскай кватэры – прыкладна ад 1600 да 4500 еўра (2080 – 5850 долараў). Аднапакаёўку недалёка ад цэнтру можна купіць, прыкладна, за 68 тысяч еўра (88400 долараў).

Што ж тычыцца попыту на нерухомасць, то ва ўсіх агенцтвах згаджаюцца:

“J.W. Construction”: “Колькасць жадаючых купіць кватэру на другасным рынку жылля зменшылася і вельмі моцна”.

Гэта звязана з тым, што банкі зрабілі больш жорсткімі ўмовы прадстаўлення крэдытаў. Ахвотнікаў жа купіць кватэру, якія маюць наяўныя грошы, не шмат.

А вось на першасным рынку кватэр у Варшаве кошты панізіліся адчувальна. Пра гэта Еўрарадыё распавяла аналітык агенцтва “Agora” Марта Сабалеўская:

Марта Сабалеўская: “Апошнім часам кватэры ў Варшаве таннеюць. Некаторыя кажуць што кошты знізіліся нават на 8-10 адсоткаў. Але гэта неафіцыйная інфармацыя”.

Попыт на першасным рынку таксама спадае, і прычына гэтага таксама ў крэдытах.

Марта Сабалеўская: “Канешне ёсць праблема з крэдытамі і гэта вызначае попыт, бо шмат хто проста не ў стане сам купіць кватэру. Калі б крэдыты пачалі даваць – попыт быў бы значна большы”.

Кошты на новыя кватэры пачынаюцца прыкладна ад 2300 еўра (амаль 3 тысячы долараў) за квадратны метр.

У кампаніі FrontLineBerlin, якая займаецца продажам кватэр у Берліне, распавялі, што кошты на жыллё за апошнія 5 месяцаў не змяніліся:

FrontLineBerlin: “Кошты не растуць і не падаюць з верасня”.

Гэтая тэндэнцыя тычыцца як першаснага, так і другаснага рынкаў. У сярэднім за квадратны метр у Берліне давядзецца заплаціць ад 1500 еўра (1950 долараў) на ўскраіне да 3000 еўра (3900 долараў) ў цэнтры.

Кошты на аднапакаёўкі пачынаюцца ад 21 тысячы еўра (27300 долараў). Іх сярэдні кошт – каля 35 тысяч еўра (45500 долараў).

Па словах прадстаўніка FrontLineBerlin, попыт на кватэры ў Берліне ў цэлым не паменшыўся. Аднак апошнім часам яны прадаюць усё больш нерухомасці ў горадзе рускім, італьянцам і брытанцам.

FrontLineBerlin: “Цяпер мы прадаём нашмат больш кватэр рускім, італьянцам і брытанцам. Руская і італьянская лініі заўжды занятыя”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі