У Фрунзенскім раёне Мінска забракавалі ўсе подпісы за Бабарыку і Цапкалу

У Фрунзенскім раёне Мінска забракавалі ўсе подпісы за Бабарыку і Цапкалу

У Фрунзенскім раёне Мінска забракавалі ўсе подпісы за патэнцыйных кандыдатаў у прэзідэнты Віктара Бабарыку і Валерыя Цапкалу, піша ў Facebook юрыст Юрый Чавусаў. За вылучэнне Бабарыкі кандыдатам у прэзідэнты ў раёне было сабрана 47190 подпісаў, за Цапкалу — 17853. "У абодвух выпадках па выніках двух тураў праверкі былі прызнаныя несапраўднымі па 16% правераных подпісаў — у выніку былі забаркаваныя ўсе", — адзначае Чавусаў.

Атрымліваецца, што ў Фрунзенскім раёне сталіцы "зрэзалі" 1/11 ад усіх сабраных подпісаў за Віктара Бабарыку. Яшчэ больш пацярпеў Валерый Цапкала, бо ён здаў каля 160 тысяч подпісаў. А калі ўлічваць інфармацыю, што подпісы бракуюць і ў іншых гарадах (напрыклад, у Гомелі і ў Барысаве), то на момант рэгістрацыі ў ЦВК могуць заявіць, што патрэбных 100 тысяч подпісаў ужо не хапае.

Цікава, што за Аляксандра Лукашэнку ў Фрунзенскім раёне сабралі 52578 подпісаў, ненашмат больш, чым за Бабарыку. Аднак подпісы за вылучэнне кіраўніка дзяржавы прызнаны сапраўднымі. Сапраўднымі прызналі 16972 подпісы Ганны Канапацкай, 9818 подпісаў Андрэя Дзмітрыева і 7253 подпісы Святланы Ціханоўскай.

"Гэта, спадарства, выбары па-беларуску", — піша Юрый Чавусаў.

Тым часам Валерый Цапкала заявіў у эфіры РБК, што будзе абскарджваць непрызнанне подпісаў за яго вылучэнне ў судзе. Скаргі збіраецца падаваць штаб Віктара Бабарыкі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі