У Фядуты і Мяцеліцы шукалі 200 тысяч долараў

Аляксандра Фядуту і Алега Мяцеліцу зранку 1 снежня затрымалі на чыгуначным вакзале Мінску. Пра гэта Еўрарадыё распавёў сам Фядута. Давераныя асобы кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева вярталіся з Масквы. Іх затрымалі пры высадцы з вагона. Усіх пасажыраў, што ехалі ў вагоне разам з імі, кажа Фядута, затрымлівалі і праводзілі ў транспартную міліцыю. Там на ўсіх складалі пратаколы затрымання.

Фядута кажа, што іх падазравалі ў правозе вялікай сумы фальшывых грошаў. Праўда, праверка ніякіх фальшывых грошай не выявіла. Праз дзве гадзіны пасля затрымання Фядуту і Мяцеліцу адпусцілі.

На думку Фядуты, прычынай затрымання сталася нядаўняя заява Аляксандра Лукашэнкі, што Някляеў і Саннікаў атрымліваюць грошы ад Расіі:

Фядута: "І я ехаў на адзін дзень, і ён (Мяцеліца. - Рэд.) ехаў на адзін дзень. Туды ляцелі адным самалётам. Я думаю, што гэта і зблытала нашыя праваахоўныя органы. Яны падумалі, што дзве давераныя асобы кандыдата ў прэзідэнты абавязкова павінны везці тыя самыя 200 тысяч долараў, пра якія згадваў прэзідэнт, а пасля старшыня КДБ Беларусі. Менавіта гэтым зараз займаюцца ўсе праваахоўныя органы Беларусі – шукаючы грошы, якія мы нібыта возім з Масквы".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі