У Генпракуратуры пацвердзілі, што справа аб смерці Рамана Бандарэнкі прыпыненая

Генеральная пракуратура Беларусі / prokuratura.gov.by
Генеральная пракуратура Беларусі / prokuratura.gov.by

Крымінальная справа па факце смерці Рамана Бандарэнкі прыпыненая, пацвердзілі ў Генэральнай пракуратуры Беларусі.

Напярэдадні інфармацыя пра гэта з'явілася ў СМІ. Пры гэтым родныя Бандарэнкі нічога не ведалі пра прыпыненне расследавання. "Да нас такой інфармацыі не даносілі", сказалі яны Еўрарадыё.

У Генпракуратуры растлумачылі, што рашэнне аб прыпыненні расследавання было прынятае таму, што не ўдалося высветліць асобу, "якая падлягае прыцягненню ў якасці абвінавачанага". Але "меры па высвятленні асобы, якая падлягае прыцягненню ў якасці абвінавачанага", будуць прымацца і пасля прыпынення вытворчасці па справе, запэўніваюць у ведамстве.

Раман Бандарэнка памёр у бальніцы пасля збіцця невядомымі. Яго затрымалі ўвечары 11 лістапада 2020 года ў дварах ля "Плошчы Перамен". У той жа вечар ён апынуўся ў бальніцы ў стане комы.  Лекары не змаглі яго выратаваць. Пра завядзенне крымінальнай справы па факце яго смерці стала вядома толькі ў лютым 2021-га.

Аб'яднанне былых сілавікоў, якое выступае супраць гвалту і беззаконня, правяло ўласнае расследаванне. Яны апублікавалі запісы размоў і білінгі нумароў тэлефонаў шэрагу меркаваных удзельнікаў тых падзей. З гэтых дадзеных вынікала, што да падзей на "Плошчы Перамен" у той вечар маглі быць датычныя хакейны функцыянер Дзмітрый Баскаў і спартсмен Дзмітрый Шакута. Гэтыя людзі, як сцвярджаюць незалежныя следчыя, маглі быць у той вечар на "Плошчы Перамен" пад прыкрыццём сілавікоў. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі