У КДБ заявілі, што не каментуюць чуткі пра Юрыя Чыжа
У КДБ заявілі, што не каментуюць чуткі пра Юрыя Чыжа. У чацвер з'явілася неафіцыйная інфармацыя, што вядомы беларускі бізнесмен выйшаў з СІЗА пад падпіску аб нявыедзе ці пад хатні арышт.
Сайту sputnik.by ў КДБ параілі прыгадаць нядаўняе выказванне Аляксандра Лукашэнкі пра Чыжа. 11 верасня кіраўнік дзяржавы на выбарчым участку адказваў на пытанні журналістаў. Гаворачы пра Чыжа, ён патлумачыў, чаму трымае яго справу пад асабістым кантролем ("ён усё-ткі недалёка быў часам ад прэзідэнта, і многія асацыявалі яго паводзіны з самім прэзідэнтам").
Лукашэнка агучыў суму шкоды па справе бізнесмена — 11-12 мільёнаў долараў (ён падазраецца ў нявыплаце падаткаў у буйным памеры). Кіраўнік дзяржавы заявіў, што гатовы разгледзець просьбу Чыжа аб памілаванні. Паводле яго слоў, каб у сакавіку падчас затрымання Юрый Чыж не спрабаваў уцячы на аўтамабілі, то мог бы знаходзіцца не за кратамі, а пад хатнім арыштам.