У Літве "ашаламляльныя рэкорды" Пуціна назвалі "трагічным фарсам"
На вулічных акцыях на Захадзе Уладзіміра Пуціна нярэдка называюць забойцам
Міністр замежных спраў Літвы Габрыэлюс Ландсбергіс назваў выбары прэзідэнта Расіі "трагічным фарсам". Паводле яго слоў, гэтая працэдура не была ні добрасумленнай, ні свабоднай і тым больш не адпавядала агульнапрызнаным дэмакратычным стандартам і прынцыпу вяршэнства закона.
"З беззаконня не можа ўзнікнуць закон, а з прымусу, прыгнёту і фальсіфікацыі — не можа ўзнікнуць паважаная ў міжнароднай прасторы легітымнасць, — цытуе словы Ландсбергіса Delfi. — Таму мы не лічым і не называем гэтую фальсіфікаваную і імітацыйную працэдуру выбарамі, таму што яна, на жаль, больш падобная на трагічны фарс".
Пазней з'явіцца ацэнка прэзідэнцкіх выбараў у РФ з боку Еўрасаюза.
Выбары ў РФ поўныя "рэкордаў". Гэта і небачаная дагэтуль яўка — 77,44%, паводле ЦВК Расіі (на выбарах прэзідэнта РСФСР у 1991-м было 74,66%). Атрымліваецца, што на выбарчыя ўчасткі прыйшло больш за 87 мільёнаў расіян. Яшчэ адзін "рэкорд" — 87,29% за Уладзіміра Пуціна. Для яго гэта азначае яшчэ адзін шасцігадовы тэрмін.
Аляксандр Лукашэнка прызнаўся, што не чакаў такога выніку ў Пуціна. Назваў яго "ашаламляльным".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.