У Маскве адмянілі спектакль па рамане беларускага пісьменніка Сашы Філіпенкі

Саша Філіпенка

Саша Філіпенка / Euroradio

У Маскве ў "Тэатры на Пакроўцы" адмянілі спектакль рэжысёркі Анастасіі Паутавай "Крэмулятар" па рамане беларускага пісьменніка Сашы Філіпенкі. Пра гэта ён распавёў у эфіры YouTube-канала "Живой Гвоздь".

"Выклікалі рэжысёрку і сказалі, што не будзе спектакля, — расказвае Філіпенка. — Пакуль яна размаўляла ў дырэкцыі, актора, які грае следчага Перапяліцу, павезлі ў ваенкамат. Яму ўручылі проста ў тэатры позву".

Прэм'ера спектакля была запланаваная на студзень. Ён ужо быў гатовы — рэпетыцыі працягваліся некалькі месяцаў.

Саша Філіпенка лічыць, што на лёс спектакля паўплываў і яго змест (падзеі адбываюцца ў часы сталінскіх рэпрэсій), і палітычная пазіцыя аўтара. Філіпенка жыве за мяжой, а ў Беларусі нядаўна сілавікі прыходзілі з ператрусам да яго бацькі, адправілі яго пад адміністрацыйны арышт.

Арышт бацькі Саша Філіпенка ацаніў як спробу ціску на яго самога з боку рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Пісьменнік актыўна выступае ў еўрапейскай прэсе, дзе яго крытыкуе. Філіпенка — лаўрэат некалькіх літаратурных прэмій, аўтар шэрагу раманаў. Яго кнігі перакладзеныя на французскую, нямецкую, чэшскую, польскую, італьянскую, англійскую і іншыя мовы. Спектаклі паводле яго раманаў і п'ес ішлі ў тэатрах Расіі і Украіны.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі