У Маскве мітынгуюць за допуск апазіцыі да выбараў, затрымалі дзясяткі чалавек
У цэнтры Масквы адбываецца чарговая несанкцыянаваная акцыі, удзельнікі якой дамагаюцца допуску да выбараў у Маскоўскую гарадскую Думу незалежных кандыдатаў. Паводле “Новой газеты”, паліцыя ўжо затрымала дзясяткі мітынгоўцаў. Яшчэ да пачатку мітынгу, які абвяшчалі на 14:00, іх колькасць дасягнула 115 чалавек.
Паведамляецца, што апроч непасрэдных удзельнікаў акцыі затрымліваюць таксама выпадковых мінакоў. Быў і выпадак, калі памылкова схапілі праваахоўніка ў цывільным.
Насупраць мэрыі на Цвярской вуліцы сабраліся людзі, незадаволеныя тым, што прадстаўнікоў апазіцыйных сілаў не зарэгістравалі кандыдатамі ў заканадаўчы орган расійскай сталіцы. Паліцыя і прадстаўнікі Расгвардыі выціскаюць натоўп з вуліцы. Мясцовыя крамы і рэстараны зачыненыя “з тэхнічных прычынаў”.
Ужо тыдзень у Маскве праходзяць пратэсты супраць дзеянняў сталічных уладаў. Санкцыянаваны мітынг 20 ліпеня сабраў каля 20 тысяч удзельнікаў.