У мастацкай галерэі ў цэнтры Мінска прадаюць фігурку Гітлера (фота)
Фюрэра можна набыць разам са Сталіным і іншымі героямі ды антыгероямі ІІ Сусветнай вайны — яны ўваходзяць у шахматны набор.
У цэнтры Мінска прадаюцца аўтарскія шахматы, у наборы якіх можна пабачыць Гітлера і іншых кіраўнікоў Трэцяга рэйху. Супрацьстаіць ім Сталін са сваімі паплечнікамі.
У “Галерэі Мастацтва” Еўрарадыё паведамілі, што гэты незвычайны набор шахмат зроблены адмыслова да 70-годдзя Перамогі. На продаж яго выставілі зусім нядаўна, і пакуль вялікай цікавасці да шахмат няма.
“Ну і што, што там Гітлер? Гэта ўсё салдаты вайны”, — кажуць супрацоўнікі галерэі. Як даведалася Еўрарадыё, аўтарам незвычайнага набора з’яўляецца мінскі скульптар Леанід Галаўко, вядомы сваімі шахматнымі фантазіямі.
Галаўко даўно займаецца сувенірнымі шахматнымі наборамі. Ён ужо ўвасабляў у невялікіх керамічных фігурках Кутузава, Напалеона, Яна ІІІ Сабескага і нават Джорджа Вашынгтона.
Каштуе набор з Гітлерам і Сталіным больш за 61 мільён рублёў. Абіраць бок, гуляючы ў такія шахматы, трэба вельмі асцярожна.