У Мінабароны Беларусі пракаментавалі "фэйкі пра мабілізацыю"
Сустрэча кіраўніцтва сілавога блока з працоўнымі Брэста з нагоды "ваенна-палітычнай абстаноўкі ў краіне" / @modmilby
Мабілізацыя ў Беларусі не праводзіцца, па даручэнні Аляксандра Лукашэнкі ідзе зверка дадзеных ваеннаабавязаных асобаў, заявіў начальнік 4-га ўпраўлення галоўнага арганізацыйна-мабілізацыйнага ўпраўлення, палкоўнік Аляксандр Шальпук. Па яго словах, гэта планавая праца, якая праводзіцца "для таго, каб уліковыя дадзеныя на грамадзяніна былі дакладныя і актуальныя".
Ён падкрэсліў, што гэтую працу ваенкаматы праводзілі пастаянна, але часцей працавалі з папяровымі дадзенымі. Гэтым разам — з аглядкай на даручэнне Лукашэнкі — размаўляюць асабіста.
"Занепакоенасці быць не павінна. Адрозненне толькі ў тым, што выклікаюць большую колькасць ваеннаабавязаных, каб можна было шляхам асабістаай камунікацыі ўдакладніць іх асабістыя дадзеныя", — сказаў Шальпук. Вайскоўцаў цікавіць, дзе жыве і працуе ваеннаабавязаны, яго стан здароўя. Для гутаркі на гэтыя тэмы могуць запрасіць у ваенкамат, а могуць — у аддзел кадраў на прадпрыемстве ці арганізацыі, дзе ён працуе. Запрасіць могуць позвай, а могуць і па тэлефоне.
Завяршыць зверку, па словах Шальпука, плануюць да канца года. Інфармацыю аб магчымай мабілізацыі ў Беларусі прадстаўнік Мінабароны назваў "фэйкам".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.