У Мінадукацыі расказалі пра самыя высокія балы і папулярныя спецыяльнасці
Адзін з самых высокіх прахадных балаў склаўся ў Віцебскім медуніверсітэце / @MinobrofBelarus
У Міністэрстве адукацыі падвялі вынікі ўступнай кампаніі ў ВНУ. Там нагадалі, што сёлета план прыёму ў параўнанні з 2022-м годам быў скарочаны на 900 чалавек — да 52,2 тысячы абітурыентаў. Больш чым палова месцаў (28,4 тысячы) прадугледжвалася як бюджэтныя. Але залічылі на бюджэт пакуль 27,8 тысяч чалавек, расказалі ў Мінадукацыі.
У ведамстве таксама адзначылі, што ў параўнанні з мінулым годам выраслі прахадныя балы на многія спецыяльнасці. Самыя высокія балы склаліся на "міжнароднае права" ў БДУ — каб стаць студэнтам гэтага аддзялення, трэба было набраць не менш за 398 балаў з 400 магчымых. А набіралі ўсяго 10 чалавек. На другім месцы — спецыяльнасць "стаматалогія" ў Віцебскім дзяржаўным медуніверсітэце — 395.
"Высокія прахадныя балы зафіксаваныя на спецыяльнасцях "праграмная інжынерыя" ў БНТУ і БДУІР — 394, "электронная эканоміка" ў БДУІР і "Усходазнаўства" ў БДУ — 393", — кажа першы намеснік міністра адукацыі Аляксандр Бахановіч.
У цэлым конкурс па рэспубліцы на адно бюджэтнае месца склаў 1,4 чалавека.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.