У Мінск прывезлі каўчэг з часціцай рызы Ісуса Хрыста (фота)

З Расіі, са Свята-Увядзенскага Толгскага жаночага манастыра ў Беларусь прыбыў каўчэг з часціцай рызы Ісуса Хрыста.

Як пішуць "Мінск-Навіны", разам з гэтай святыняй у беларускую сталіцу прывезлі і дакладны спіс цудатворнага Толгскага абраза Прасвятой Багародзіцы і абраз з часціцай мошчаў свяціцеля Ігната.

Святыні знаходзяцца ў Аляксандра-Неўскім храме на Вайсковых могілках Мінска. Да рэліквіяў вернікі змогуць яшчэ прыкласціся ў панядзелак і аўторак, 20-21 ліпеня, з 8-й да 22-й. А ў сераду святыні будуць даступныя вернікам толькі з 8-й да 10-й.

Паведамляецца, што гэтая часцінка Хрыстовай рызы была перададзеная царскаму дому Раманавых персідскім шахам Абасам на знак сяброўства. Адзін з фрагментаў рэліквіі расійскі цар Аляксей Міхайлавіч падарыў ў 1650 годзе за заслугі перад Айчынай яраслаўскім купцам Скрыпіным. У спецыяльна пабудаванай царкве прарока Іллі яна захоўвалася да 1922 года, а потым бясследна знікла. Толькі ў 2003 годзе высветлілася, што часціца захоўваецца ў музейных фондах Яраслаўскага гісторыка-архітэктурнага музея-запаведніка "Спаскі манастыр". Знайсці яе ўдалося дзякуючы прадзеду мітрапаліта Філарэта, Ганаровага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, Івану Аляксандравічу Вахрамееву: ён пакінуў падрабязнае апісанне рэліквіі ў сваёй кнізе.

19 ліпеня мітрапаліт Філарэт прыехаў у Аляксандра-Неўскі храм, каб пакланіцца праваслаўным рэліквіям.

22 ліпеня каўчэг і абразы перавязуць у Гродна. Да 25 ліпеня яны будуць знаходзіцца Раство-Багародзічным стаўрапігіяльным жаночым манастыры. Потым з 25-га па 27 ліпеня рэліквіі будуць ва Успенскім Жыровіцкім стаўрапігіяльным мужчынскім манастыры.

Фота: minsknews.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі