У Мінск з афіцыйным візітам прыляцеў прэзідэнт Судана
У Мінск з афіцыйным візітам прыляцеў прэзідэнт Судана Амар Хасан Ахмед аль-Башыр. Яго ўрачыста сустрэлі ў аэрапорце.
Як паведамляе БЕЛТА, 10 снежня адбудуцца яго перамовы з Аляксандрам Лукашэнкам. Асноўную ўвагу нададуць перспектыўным кірункам гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, у тым ліку ў сферах прамысловай кааперацыі, сельскай гаспадаркі, энергетыкі, здабычы карысных выкапняў, у гуманітарнай галіне.
Таксама абмяркуюць палітычнае ўзаемадзеянне паміж Беларуссю і Суданам, міжнародную праблематыку.
Чакаецца падпісанне шэрагу дакументаў аб супрацоўніцтве.
Суданскі лідар таксама прыме ўдзел у цырымоніі афіцыйнага адкрыцця амбасады сваёй краіны ў Мінску, сустрэнецца з высокімі чыноўнікамі.
З 2017 года распрацоўваюцца і рэалізуюцца некалькі сумесных беларуска-суданскіх праектаў у галіне здабычы карысных выкапняў, прамысловай кааперацыі, энергетыкі, АПК, паставак сельскагаспадарчай, дарожна-будаўнічай і грузавой тэхнікі, абсталявання, мэблі.