У мінскім заапарку жывуць белыя львы, падораныя Мікалаю Лукашэнку
Два рэдкія белыя львы, якія жывуць у мінскім заапарку, былі падораныя сыну Аляксандра Лукашэнкі Мікалаю армянскім бізнэсменам Гагікам Царукянам, паведамляе армянскае выданне hetq.am. У сталічным заапарку Еўрарадыё пацвердзілі, што львоў сапраўды перадала сям’я кіраўніка дзяржавы. Адбылося гэта год таму. Цяпер яны выраслі, “добра камунікуюць з наведвальнікамі”. Гэта хлопец і дзяўчынка, якіх клічуць Нік і Ніка.
Супрацоўніца заапарка: “Мы іх адразу змясцілі на экспазіцыю. Яны ўжо выраслі, у ільва ўжо вырасла вялікая грыва”.
Паводле дадзеных hetq.am, агулам ільвоў прывезеных у Беларусь было чатыры, дзе знаходзяцца яшчэ два — невядома.
Вядома, што да з’яўлення белых ільвоў прыводзіць рэдкая мутацыя колеру, у прыродзе такія львы амаль не захаваліся, большасць з іх жыве ў заапарках.
Гагік Царукян — армянскі і бізнэсмен і палітык, сузаснавальнік прадпрыемства “Армянскі стандарт”, якое займаецца імпартам армянскага кан’яка і брэндзі ў Беларусь. Армянскага мільярдэра і кіраўніка Беларусі звязвае старое сяброўства. Падчас паездак у Ерэван Аляксандру Лукашэнку і яго сыну Мікалаю аказвалі цёплы прыём на прадпрыемствах Царукяна.