У Мінску на 11-гадовага хлопчыка ўпала футбольная брама, у яго траўмы галавы
У Мінску на 11-гадовага хлопчыка ўпала футбольная брама, у яго траўмы галавы. Як інфармуе прэс-служба Генпракуратуры, здарэнне адбылося 17 жніўня ў Фрунзенскім раёне (на тэрыторыі ў межах вуліц Лынькова, Цімашэнкі і Мясцовага праезду). Брама была незамацаваная. У хлопчыка адкрытая чэрапна-мазгавая траўма сярэдняй ступені, пералом костак чэрапу і іншыя пашкоджанні. З бальніцы пра пацярпелага паведамілі ў міліцыю.
Бацькі падлетка адмовіліся пісаць заяву, але пракуратура распачала крымінальную справу па факце нанясення цялесных пашкоджанняў па неасцярожнасці. Праводзіцца папярэдняе расследаванне.
Аналагічны выпадак у Мінску здарыўся летась, тады незамацаваная футбольная брама ўпала на двух падлеткаў, яны атрымалі траўмы.