У новым сезоне Мінск наведаюць Tequilajazzz, De-Phazz, Ол Ды Меола і DJ з Top-10

Напярэдадні канцэртнага сезону Еўрарадыё пацікавілася, чым збіраюцца здзівіць беларусаў самыя актыўныя канцэртныя арганізатары сталіцы. За бліжэйшы год у Беларусі з’явіцца Міжнародны фестываль некамерцыйнай музыкі, выступяць гурты “Аукцыон”, “Tequilajazzz”, De-Phazz і сусветна вядомыя DJ-і. А «Класс-Клуб Интертеймент» аднавіць традыцыю гадавога абанементу для бізнэс-эліты Беларусі.

Як высветлілася, большасць з арганізатараў пакуль не можа дакладна назваць ні даты, ні імёны выканаўцаў, якія выступяць у нас за гэты год. Менш складанасцяў выклікае недалёкая будучыня.

Так, напрыклад, кіраўнікі агенцтва IBAD.ru Ян Бусел і Нік Маторын ужо запусцілі серыю “Хатніх вечарынак у Стрыказе”, якія плануецца праводзіць па суботах. Ян растлумачыў назву мерапрыемства тым, што імпрэза не будзе шырока рэкламавацца, а кожны будзе прыводзіць сваіх сяброў, такім чынам, усе будуць паміж сабой знаёмыя:

Ян Бусел: “Ведаеш, калі дамоў прыходзяць сябры да сяброў і прыводзяць каго-небудзь з сабой. Не так, як звычайна ў клубах, дзе часта знаёмых няма. Да таго ж “Страказа” клуб невялікі, і гэта, магчыма, дапаможа стварыць атмасферу хатняй вечарынкі, толькі з большай колькасцю людзей”.

Кіраўнікі IBAD.ru таксама расказалі, што ў 20-х чыслах кастрычніка ў Night Starе будуць выступаць каралі пахавальнага дыксілэнду гурт Billys Band.

Але асноўная праца ў новым сезоне будзе весціся з клубам “Графіці”. Ужо з кастрычніку адновіцца канцэртны расклад клубу, які працягне супрацоўнічаць з лепшымі беларускімі гуртамі.

Ян Бусел: “Усё, што было ў “Графіці”, будзе працягвацца!”

Нік Маторын расказаў Еўрарадыё пра тое, што ў лістападзе і снежні ў Беларусі чакаецца “Глабальны Rave”, але запрошаных ды-джэяў называць адмовіўся, бо баіцца сурочыць.

Нік Маторын: “Магу гарантаваць, што гэта будуць супер-сусветныя зоркі, якія займаюць вельмі сур’ёзную пазіцыю ў свеце. Магу сказаць, што будзе DJ з Top-10 сусветнага чарту. Хутчэй за ўсё, гэта будзе вялікая пляцоўка, ці футбольны манеж, ці палац спорту, дзе збярэцца ад пяці тысяч чалавек”.

Кіраўнік Bo Promo Group Аляксандр Богданаў (Papa Bo) таксама рыхтуе некалькі глабальных праектаў. Першы – гэта шведскі праект у Беларусі, які называецца Band Skunk і будзе ладзіцца ў лістападзе-снежні.

Papa Bo: “Band Skunk — гэта нешта кшталту беларускага Global Battle Of The Band, толькі на шведскай аснове і з больш цікавымі гуртамі”.

Яшчэ адна ідэя Bo Promo Group зладзіць Міжнародны фестываль некамерцыйнай музыкі “ЭТА”, на якім будзе шмат замежных гасцей, у тым ліку гурты “Аукцыон” і “Tequilajazzz”.

Papa Bo: “Гэта своеасаблівы аналаг піцерскага фестывалю “СКИФ”. Фестываль нестандартнай авангарднай музыкі, дастаткова вялікага маштабу, з вялікай колькасцю замежных гасцей. Збіраемся прывесці гурты “Аукцыон” і “Tequilajazzz”

Старшыня крэатыўнага агенцтва Povorot Promo Group Павал Паварот паабяцаў у новым канцэртным сезоне шмат выдатных вечарынак, асноўны музычны напрамак якіх будзе house і minimal. Вядома, што граць на іх будуць вядомыя музыкі, але канкрэтныя імёны Павал назваць адмовіўся:

Павал Паварот: “Не хацелася б называць канкрэтныя імёны, магу сказаць, што гэта будуць людзі вядомыя па ўсім свеце. Напрыклад, Іда Кор — дзяўчына, якая спявае Let me think about it”.

А дырэктар прадзюсарскага цэнтру «Класс-Клуб Интертеймент» Генадзь Шульман вырашыў аднавіць традыцыю, якая існавала на пачатку 90-х гадоў, — гадавога абанементу для бізнэс-эліты Беларусі.

Генадзь Шульман: “Мы зрабілі стаўку на зорак сусветнай шоў-індустрыі. У нас ёсць праграма, на год распісаная. Напрыклад, ў снежні будзе гурт De-Phazz з Нямеччыны, у лютым – японская піяністка Кэйка Мацуі, у сакавіку - Ол Ды Меола, у красавіку будзе, прызнаны сёлета, лепшы гітарыст планеты аўстраліец Томі Эмануэль”.

Больш падрабязна пра абанементныя канцэрты «Класс-Клуб Интертеймент» у хуткім часе можна будзе даведацца на афіцыйным сайце кампаніі.

Фота: news.bbc.co.uk

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі