У пасажырскім цягніку Мінск-Брэст адбыўся пажар
Каля 17-й гадзіны 16 сакавіка ратавальнікі з Бярозы атрымалі паведамленне пра пажар у пасажырскім цягніку №607 Мінск-Брэст. Здарэнне адбылося каля вёскі Кабакі на 11 4 км перагону паміж чыгуначнымі станцыямі Бяроза-Картузская — Аранчыцы.
Як паведамляе прэс-служба МНС, пажар узнік у машынным аддзяленні электравоза. Яшчэ да прыбыцця ратавальнікаў агонь ліквідавалі самі супрацоўнікі чыгункі вуглекіслотнымі вогнетушыльнікамі.
Агонь пашкодзіў электраправодку ў блоку сілавых установак электравоза.
Пацярпелых пры здарэнні няма. У шасці вагонах цягніка было 283 пасажыры і 13 чалавек абслуговага персаналу (12 праваднікоў і начальнік цягніка).
Цягнік затрымаўся на 80 хвілінаў. Да станцыі прызначэння "Брэст-Цэнтральны" яго даставіў манеўровы цеплавоз.
Паведамляецца, што вымушаны прыпынак электрацягніка не парушыў рух іншых цягнікоў у гэтым напрамку.