У шостым класе падручнік гісторыі "патаўсцее" на два стагоддзі
Шасцікласнікі пачнуць вывучаць гісторыю Беларусі па новых падручніках. Напрыклад, у старых падручніках гісторыя пра Рагвалода і Рагнеду падаецца наступным чынам:
"Уладзімір гвалтам узяў сабе ў жонкі дачку Рагвалода Рагнеду. Яна нарадзіла кіеўскаму князю некалькі сыноў. Аднаму з іх — Ізяславу — Уладзімір аддаў уладу ў Полацку. З таго часу — 988 г. — бярэ пачатак Полацкае княства, у якім уладарыла ўласная княжацкая дынастыя".
У новым, з макетам якога знаёміцца Еўрарадыё, сюжэт распісаны больш падрабязна і красамоўна. А больш апавядальны тэкст — тое, што трэба падручніку па гісторыі, мяркуе рэпетытар Аляксандр Луцэвіч.
"Чакаю, што падручнік будзе больш мастацкім, каб тэкст быў падобны да казкі. Для дзяцей гэтага ўзросту гэта было б больш цікава, — кажа гісторык. Праўда, і да папярэдняга падручніка ў яго асаблівых заўваг няма. — Не скажу, што мне там нешта не падабалася. Мова — даволі простая, параграфы таксама невялікія — акурат адаптаваныя да ўзросту дзяцей. Па змесце таксама ніякіх заўваг".
Новых падручнікаў па гісторыі баяцца не варта, запэўніваюць спецыялісты. Змест у іх застанецца "мінімальна неабходным і пры гэтым дастатковым". Праўда, гістарычны перыяд, які будуць вывучаць вучні шостага класа, "вырасце" на два стагоддзі. Раней падручнік пачынаўся эпохай старажытнасці і завяршаўся сярэдзінай ХІІІ стагоддзя. Цяпер заканчваецца эпохай ВКЛ — канцом ХV стагоддзя.
"Выпускнікі базавай школы павінны выйсці са школы з ведамі па гісторыі не толькі да пачатку ХХ стагоддзя, а па сённяшні дзень, каб яны паспяхова сацыялізаваліся ў сучасным грамадстве. У 10-11 класе яны яшчэ раз пройдуць гэты курс, але на праблемна-тэарэтычным узроўні", — тлумачыць Еўрарадыё намеснік дырэктара Нацыянальнага інстытута адукацыі па навукова-метадычнай працы Валянціна Гінчук.
Уключэнне ВКЛ у падручнік для шостага класа, мяркуе рэпетытар Аляксандр Луцэвіч, наўрад ці абцяжараць жыццё вучняў: маўляў, дзеці любяць тэмы пра ВКЛ і гэты перыяд — не складаны.
А вось рэпетытар Наталля Шарова мяркуе, што падручнікі па гісторыі і так перагружаныя датамі і імёнамі, дзеці ў іх блытаюцца. А тут яшчэ два стагоддзі!
"XIV-XV стагоддзі для шостага класа — зноў будзе складаны падручнік, — пабойваецца Наталля (так было да 2008 года). — Бо гадзін гісторыі ў школе, я так разумею, не пабольшае. Пішуць падручнікі навукоўцы, якія часам не працуюць з дзецьмі. Хацелася б, каб усе падручнікі былі адаптаваныя да ўзросту — больш ілюстрацый, менш тэксту".
“У новым падручніку будуць выкарыстоўвацца розныя формы прад’яўлення інфармацыі: не толькі суцэльны тэкст, але і схемы, і табліцы, і карты; будзе значна больш ілюстрацый," — дадае Валянціна Гінчук.
Цяпер у краіне праводзіцца конкурс на стварэнне падручнікаў для школ. Вынікі конкурса падведзеныя па 42 падручніках, кожны пяты аўтар — школьны настаўнік. Праўда, аўтары новага падручніка па гісторыі Беларусі для 6 класа — навукоўцы і выкладчыкі ВНУ Сцяпан Цемушаў і Мікалай Бохан.
На думку настаўніка з Бабруйска Івана Песенькі, апроч афіцыйнага мусяць быць і альтэрнатыўныя падручнікі:
"Каб можна было выбіраць настаўніку, хаця б у электронным варыянце... Бо некаторыя тэмы пададзеныя не так, як хочацца, некаторыя — павярхоўна, некаторыя можна было б аб'яднаць, а іншыя — прапісаць больш падрабязна".
У любым выпадку новы падручнік па гісторыі пратэстуе на сабе шасцікласнік Мікалай Лукашэнка.