У Слоніме афіцыйна адкрылі помнік Льву Сапегу
У Слоніме прайшла цырымонія адкрыцця помніка Льву Сапегу. Падзею прымеркавалі да Дня беларускага пісьменства, які сёлета адзначаецца менавіта ў гэтым горадзе, паведамляе БЕЛТА. Бронзавая статуя стваральніка статута Вялікага княства Літоўскага разам з гранітным пастаментам дасягае 4 метраў у вышыню. Аўтары помніка — скульптары Іван Міско, Уладзімір Піпін і Сяргей Логвін.
Леў Сапега — значная фігура ў гісторыі Слоніма. Ён зрабіў шмат для развіцця горада, які стаў пры ім цэнтрам гандлю і рамёстваў. Тут з’явіліся ратуша, гандлёвыя шэрагі, цэхі рамеснікаў. У 1591 годзе па хадайніцтве Сапегі горад атрымаў Магдэбургскае права і ўласны герб з выявай ільва, які трымае залатую стралу.