У Смалявічах за паркоўку з парушэннямі аўтамабіль абматалі скотчам
"На машыне было шмат поліэтылену, і ўсё гэта заматана скотчам"
У Смалявічах за паркоўку з парушэннямі аўтамабіль абматалі скотчам. Гэта зрабіў мясцовы жыхар, якому нібыта заблакавалі пад'езд да дома, і ён вырашыў такім чынам адпомсціць. Яго ўчынак трапіў на відэа.
Як піша smolevichi-24.by, дзяўчына прыехала на лінейку да пляменніцы ў Смалявічы. Паркоўкі на ўсіх гасцей не хапіла, і машыну яна паставіла "абы-дзе". А праз дзве гадзіны, калі мерапрыемства было скончана, дзяўчына не пазнала свой аўтамабіль.
Гаспадыня легкавіка выклікала міліцыянераў, але мужчына не адчыніў ім дзверы. Потым прыехалі даішнікі, якія выпісалі папярэджанне за няправільную паркоўку. Калі ўжо запаўнялі пратакол, выйшаў і мужчына.
"На машыне было шмат поліэтылену, і ўсё гэта заматана скотчам, — расказвае пацярпелая. — Мы ўсё знялі, цяпер будзем адмываць клей, але баюся, што ён адыдзе разам з фарбай. Склалі заяву, пратакол, і далей нам сказалі рабіць ацэнку пашкоджання машыны".
Дзяўчына кажа, што яна ў разгубленасці, бо не хоча "падстаўляць" мужчыну — ў залежнасці ад сумы шкоды гаворка можа ісці нават пра крымінальную адказнасць. З іншага боку, яна не хоча траціць на рамонт свае грошы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.