У трох матчах футбольнага чэмпіянату Беларусі забілі толькі 1 мяч
13 верасня прайшлі тры матчы 19-га тура чэмпіянату Беларусі па футболе ў вышэйшай лізе. "Нафтан" на сваім полі прайграў "Слуцку" — 0:1, "Віцебск" і "Славія" згулялі ўнічыю 0:0, з такім жа лікам скончыўся матч "Тарпеда-БелАЗ" — "Нёман". Такім чынам, у трох матчах забілі толькі 1 мяч. Яго аўтарам стаў Вадзім Мілько, украінскі легіянер "Слуцка".
Нагадаем, у суботу "Граніт" і мінскае "Дынама" згулялі ўнічыю 0:0, а "Шахцёр" і БАТЭ — 1:1. Апошнія два матчы тура пройдуць у панядзелак. Брэсцкае "Дынама" прыме "Белшыну", а "Мінск" згуляе з "Гомелем".
У чэмпіянаце лідыруе БАТЭ — 46 ачкоў, на другім месцы мінскае "Дынама" — 38, салігорскі "Шахцёр" мае 34 ачкі.
Фота: Fotolia