У Варшаве знайшлі магілу славутага беларускага атамана (фота)
Магілу атамана “Зялёнага дуба” Цімафея Хведашчэні знайшлі сябры “Беларускай нацыянальнай памяці" на Паўночных могілках польскай сталіцы.
Нейкі час Хведашчэня ваяваў з бальшавікамі ў Беларусі пад камандаваннем Булак-Балаховіча. Пасля паразы Слуцкага паўстання 1920 года ён падаўся ў беларускую партызанскую арганізацыю “Зялёны дуб”, дзе стаў атаманам. Пазней ён перабраўся ў Польшчу, і адтуль рабіў узброеныя вылазкі ў Беларусь, занятую бальшавікамі. Аднак улады Польшчы не вельмі давяралі Хведашчэні: некалькі разоў яго арыштоўвалі. Праз нейкі час ён пасяліўся ў Белавежы.
Падчас Другой сусветнай вайны Хведашчэня ўзначальваў Беларускае аб’яднанне ў Белавежы і быў дырэктарам беларускай школы. Пасля вайны нейкім чынам беларускі атаман стаў польскім палкоўнікам. У 1947 годзе яго арыштавалі новыя ўлады і вызвалілі толькі ў 1954 годзе.
Да апошняга часу не было вядома, калі канкрэтна і дзе памёр Хведашчэня. Яго магілу сябры “Беларускай Нацыянальнай Памяці” шукалі даўно. Дапамог ім у гэтым беларус з Беласточчыны і палкоўнік польскага войска Юры Зюзя. Ён вёў перапіску з вайсковым архівам Польшчы. Дзякуючы гэтаму ўдалося знайсці магілу Хведашчэні. Як высветлілася, ён памёр у 1977 годзе.
Фота атамана Хведашчэні — arche.by