У вас ёсць 11 хвілін? Вось чаму варта пайсці і прагуляцца проста зараз
Калі вам быў патрэбны аргумент, каб устаць з-за стала і прайсціся па офісе, — вось ён / pixabay
Штодзённыя прагулкі пешшу на чвэрць зніжаюць рызыку заўчаснай смерці, піша Washington Post са спасылкай на Брытанскі часопіс спартыўнай медыцыны.
Навукоўцы зладзілі маштабнае даследаванне і прааналізавалі звесткі пра стан здароўя ў 30 мільёнаў чалавек! І высветлілася, што хадзьба не менш за 11 хвілін кожны дзень можа знізіць рызыку заўчаснай смерці амаль на 23 працэнты.
— Паркуйцеся далей ад свайго офіса. Падыміцеся па лесвіцы. Патанцуйце ў гасцёўні разам з дзецьмі, — раяць даследчыкі.
Нават невялікія практыкаванні істотна павялічваюць працягласць жыцця і зніжаюць рызыку развіцця сардэчных захворванняў. Навукоўцы кажуць, што кожную дзясятую заўчасную смерць можна было б прадухіліць, калі б кожны з нас рухаўся трохі больш.
І тлумачаць, што такое ўмераныя практыкаванні. Гэта можа быць хуткая хадзьба або любыя заняткі, якія павышаюць частату сардэчных скарачэнняў і пачашчаюць дыханне настолькі, што робіцца цяжка гаварыць. Гэта значыць, павольная прагулка да крамы не лічыцца.
У ідэале ў вас павінна быць каля 150 хвілін такой умеранай актыўнасці ў тыдзень. У людзей, якія вытрымлівалі гэтую нагрузку, імавернасць заўчаснай смерці зніжалася на траціну.
Але добрая навіна, што нават меншая нагрузка — вялікі крок наперад. Мужчыны і жанчыны, якія займаліся ўмеранымі фізічнымі практыкаваннямі ўсяго 75 хвілін у тыдзень — або каля 11 хвілін у дзень, — на 23% зніжалі рызыку заўчаснай смерці.
А яшчэ гэтыя 11 хвілін у дзень зніжаюць рызыку сардэчна-сасудзістых захворванняў на 17 працэнтаў і раку любога віду мінімум на 7 працэнтаў, кажуць навукоўцы. Але агаворваюцца, што ўсё ж фізічная актыўнасць — не панацэя.
А калі мы паднаціснем і зможам траціць на ўмераную фізічную актыўнасць 150 хвілін у тыдзень, то можна будзе пазбегнуць кожнай шостай заўчаснай смерці, кажуць даследчыкі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.