У Віцебску пабудуюць копію Полацкай Сафіі ХІ стагоддзя
Адпаведнае рашэнне ўлетку прыняў Сінод Беларускага экзархата. А цяпер яго зацвердзіў Святы Сінод Рускай праваслаўнай царквы.
Як паведамляюць "Народныя навіны Віцебска", з ініцыятывай пабудовы ў Віцебску яшчэ аднаго вялікага храма выступіў архібіскуп Віцебскі і Аршанскі Дзімітрый. Гэтую ідэю ён выказаў на паседжанні Cвятога Сінода Беларускай праваслаўнай царквы.
У БПЦ гэты праект палічылі асабліва актуальным у сувязі з сёлетнім святкаваннем 1025-годдзя Хрышчэння Русі. Закладка каменя ў аснову сабора Святой Сафіі ў Віцебску можа стаць адным з пунктаў святкавання. Прататыпам віцебскага храма служыць Полацкая Сафія XI стагоддзя — сабор, збудаваны, у сваю чаргу, паводле вобразу Сафіі Канстанцінопальскай.
Як вядома, на пачатку XVІІІ стагоддзя рускія войскі ўзарвалі старадаўнюю царкву. У сярэдзіне XVІІІ стагоддзя на яе месцы быў узведзены новы храм у стылі барока.
Фота — Da voli / wikipedia.org