У жаданні стаць адзіным на выбарах-2015 пакуль прызнаўся толькі Някляеў

Днямі ў сацсетках з’явілася інфармацыя, што Рух “За свабоду” вызначыўся са сваім прэтэндэнтам на адзінага. Нібыта, ім абраны Алесь Лагвінец. Лагвінец катэгарычна заяўляе Еўрарадыё, што такога рашэння не было.

                                                 Алесь Лагвінец

Што да ўдзелу ў Кангрэсе дэмакратычных сіл, дзе і плануюць абраць адзінага кандыдата ад апазіцыі, то лідар Руху Аляксандр Мілінкевіч прызнае, “калі будзе арганізаваны па дэмакратычных правілах, то абавязкова возьмем у ім удзел”. І выказваецца пра “рухаўскага” прэтэндэнта…



Аляксандр Мілінкевіч: “Мы дыскутуем пра гэта. Бо пажадана на Кангрэс выйсці не з вялікай колькасцю кандыдатаў — 10-15, а пажадана, каб лідары паміж сабой максімальна дамовіліся і тады Кангрэс лягчэй праводзіць”.



Аляксандр Мілінкевіч зноў пагодзіцца на ролю адзінага, толькі калі ўсе ўдзельнікі Кангрэса за гэта выкажуцца. Але сам будзе агітаваць за абранне лідарам апазіцыі кагосьці з маладых ды перспектыўных. Хто і пасля кампаніі 2015 года зможа працягнуць лідарскую дзейнасць.

                       Аляксандр Мілінкевіч



За вызначэнне нейкага супольнага прэтэндэнта на адзінага кандыдата яшчэ да пачатку Кангрэсу выступае і лідар Партыі БНФ Аляксей Янукевіч.



Аляксей Янукевіч: “Не абавязкова, каб гэты кандыдат быў сябрам Партыі БНФ. Аднак, галоўнае, каб ён падзяляў тыя каштоўнасці, якія адстойвае Партыя БНФ. У тым выпадку, калі такога кандыдата не атрымаецца знайсці, альбо не атрымаецца дамовіцца, тады Партыя БНФ будзе прапаноўваць свайго прадстаўніка”.



І не выключае, што такім партыйным прэтэндэнтам на адзінага можа стаць сам старшыня партыі.

                                        Аляксей Янукевіч



Удзельнічаць у Кангрэсе Аб’яднаная грамадзянская партыя будзе, не ўхіляецца ад прамога адказу на пытанне лідар АГП Анатоль Лябедька. Яны нават ужо прынялі рашэнне аб прывядзенні ўнутрыпартыйных праймерыз, каб абраць свайго прэтэндэнта на адзінага. Што да сваіх амбіцый стаць адзіным, то палітык выказваецца… па-мастацку.



Анатоль Лябедзька: “Я ўсё ж такі практыкуючы палітык — не тэарэтык. І калі я ўдзельнічаю ў той ці іншай форме і ў мясцовай кампаніі, і падчас парламенцкай кампаніі, то гэта азначае, што і падчас прэзідэнцкай кампаніі ўхіляцца не буду”.

                                 Анатоль Лябедзька



Левыя з партыі “Справядлівы свет” у кансультацыях па падрыхтоўцы да Кангрэса ўдзельнічаюць, распавядае Еўрарадыё намеснік старшыні партыі Валерый Ухналёў. Праўда, гэта не азначае, што ў самім Кангрэсе яны будуць удзельнічаць. Што да прэтэндэнтаў на адзінага, то левыя лічаць, што іх павінна быць не два і не тры.



Валерый Ухналёў: “Пакуль толькі вядома, што ў “Гавары праўду” ёсць свой кандыдат, што АГП будзе свайго вылучаць і што нібыта ёсць кандыдат ў Руху “За свабоду”. Але гэта толькі размовы. Якая можа быць працэдура вызначэння, калі пакуль нікога няма”.



“Справядлівы свет” не супраць вылучыць свайго прэтэндэнта, лідара партыі Сяргея Калякіна.

                                          Сяргей Калякін



І толькі кампанія “Гавары праўду” адкрыта заяўляе пра свайго кандыдата. Як ні дзіўна, але гэта лідар кампаніі Уладзімір Някляеў. Да ўсіх патэнцыйных кандыдатаў у ГП ёсць пэўныя патрабаванні, пералічвае намеснік лідара Андрэй Дзмітрыеў.



Андрэй Дзмітрыеў: “Мы павінны загадзя ведаць: хто ўдзельнічае ў Кангрэсе — гэта надзвычай важна. Усе павінны пагадзіцца, што калі адзінага прайграюць, яны падтрымліваюць таго, хто выйграў. А не пачынаюць нейкую мітусню і хуткі пошук ворагаў, агентаў і каго заўгодна — любімыя гульні, якія ў нас ёсць”.

                             Уладзімір Някляеў



Сюрпрыз засакрэчанаму Кангрэсу можа падараваць ЛДПБ. Іх да выбараў адзінага не далучылі, але і кіраўнік партыі Сяргей Гайдукевіч і яго намеснік Алег Гайдукевіч не раз заяўлялі, што прыйдуць на Кангрэс без запрашэння. Але са сваім кандыдатам і сотнямі прыхільнікаў.

                                                           Сяргей Гайдукевіч

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі