У зліве сакрэтных дакументаў Пентагона падазраюць пілота Нацгвардыі ВПС ЗША
Джэк Тэйшэйра / The New York Times
Газета The New York Times назвала прозвішча чалавека, якога падазраюць у зліве сакрэтных дакументаў Пентагона. Гэта 21-гадовы пілот Нацгвардыі Ваенна-паветраных сіл ЗША штата Масачусэтс Джэк Тэйшэйра. Ён з'яўляецца мадэратарам невялікага закрытага анлайн-чата, у якім і з'явіліся згаданыя дакументы амерыканскай выведкі. У Thug Shaker Central было не больш за 30 чалавек, у асноўным юнакі. Іх аб'ядноўвала захапленне відэагульнямі, зброяй і расісцкімі анлайн-мемамі. Мадэратара яны ведалі як “O.G.”, лічылі яго сваім лідарам.
Адзін з суразмоўцаў The New York Times адзначыў, што "O.G." меў доступ да разведвальных дакументаў дзякуючы сваёй працы. Лічбавы след вядзе менавіта да Тэйшэйры.
Як стала вядома выданню, следчыя збіраюцца паразмаўляць з Джэкам Тэйшэйрам пра ўцечку дакументаў у прыватную анлайн-групу. Яны спадзяюцца, што ён валодае інфармацыяй, якая мае дачыненне да расследавання.
Днямі Тэйшэйра змяніў нумар тэлефона. З журналістамі ён гаварыць адмовіўся, спаслаўся на тое, што яму патрэбны адвакат.
Пазней стала вядома, што падазраванага затрымалі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.