Указ аб іпатэчным жыллёвым крэдытаванні: што змяняецца для грамадзян
Падпісаны ўказ (№ 130 ад 16 красавіка) аб іпатэчным жыллёвым крэдытаванні ў Беларусі. Дакумент мусіць удасканаліць дзяржаўную жыллёвую палітыку і стварыць дадатковыя умовы "па забеспячэнні правоў грамадзян, якія атрымалі крэдыт на жыллё". З яго вынікае, што прадметам іпатэкі з'яўляецца толькі жыллё, якое зарэгістравана ва ўстаноўленым парадку (у тым ліку і набытае на другасным рынку жылой нерухомасці). Іпатэка будзе таксама распаўсюджвацца на зямельны ўчастак, на якім размешчана жыллё, што набываецца.
Цяпер банк зможа накіраваць спагнанне на прадмет іпатэкі толькі калі адначасова парушаюцца дзве ўмовы крэдытнай дамовы. Першая — завінавачанасць па асноўнай суме доўгу складае больш за 10% ад сумы крэдыту, другая — пратэрмінаваная завінавачанасць па асноўнай суме доўгу і адсотках за карыстанне крэдытам — больш за 90 дзён (у выпадку смерці атрымальніка крэдыта — больш за 9 месяцаў). Згодна з дакументам, грамадзяне, якія праходзяць тэрміновую вайсковую (як варыянт — альтэрнатыўную) службу, маюць права на адтэрміноўку на яе час пагашэння запазычанасці па іпатэчным жыллёвым крэдыце і адсотках за карыстанне ім.
Указ дае банкам першачарговае права на задавальненне нявыкананых абавязацельстваў па жыллёвым крэдыце "за кошт прадмета іпатэкі". Іншыя крэдыторы будуць чакаць поўнага пагашэння даўгоў банка. Мяркуецца, што гэта будзе стымуляваць банкі выкарыстоўваць іпатэку як "асноўны спосаб забеспячэння выканання абавязацельстваў па жыллёвых крэдытах".
Яшчэ адно новаўвядзенне — спрошчана рэгістрацыя залогу. Цяпер банк самастойна накіроўвае неабходную інфармацыю ў тэрытарыяльныя арганізацыі па дзяржрэгістрацыі нерухомасці.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.