Украіна на 3 гады абмежавала пастаўкі прадукцыі з трох хімзаводаў Беларусі

Украіна на 3 гады абмежавала пастаўкі прадукцыі з трох хімзаводаў Беларусі

У "інтарэсах нацыянальных вытворцаў" Украіна з 1 верасня абмежавала пастаўкі сернай кіслаты і алеўму. Яна традыцыйна набывала гэтыя прадукты на трох найбуйнейшых хімічных прадпрыемствах Беларусі — Гомельскім хімічным заводзе, наваполацкім "Нафтане" і "ГроднаАзоце".

У Міністэрстве эканамічнага развіцця і гандлю Украіны журналістам Радыё "Свабода" паведамілі, што рашэнне пра квоты было прынятае ў выніку антыдэмпінгавага расследавання. Яго ўхваліла Міжведамасная камісія па пытаннях міжнароднага гандлю.

Квоты на беларускую прадукцыю будуць дзейнічаць тры гады. Да 31 жніўня 2019 года наша краіна зможа паставіць ва Украіну 30,769 тысяч тон прадукцыі, з 1 верасня 2019-га да 31 жніўня 2020-га — 32,307 тысяч тон. А з 1 верасня 2020-га да 31 жніўня 2021-га — 33,923 тысяч тон.

Таксама Украіна адначасова ўввяла квоты для аналагічнай прадукцыі з Расіі ды шэрагу іншых краін, за выключэннем краін Афрыкі, Азіі і СНД. Украінскія ўлады мяркуюць, што гэтыя меры дазволіць украінскім прадпрыемствам павялічыць аб’ёмы вытворчасці, а таксама дыверсіфікаваць пастаўкі.

Украінскія эканамісты падлічылі, што ў некаторых сферах беларускія пастаўкі ва Украіну за апошнія чатыры гады занялі 99% рынку. Напрыклад, імпарт сернай кіслаты з 2014 года да 2017-га вырас больш як утрая, а яе кошт быў удвая меншы за сабекошт украінскіх вытворцаў. Да 2014 года ўнутраны рынак Украіны сернай кіслатой забяспечвалі пераважна прадпрыемствы Крыма і Данбасу. 

Сёлета ў першым паўгоддзі Беларусь экспартавала ва Украіну 25,569 тысяч тон сернай кіслаты. І хаця гэта на 2% менш, чым у аналагічным леташнім перыядзе, у грашовым вымярэнні кошт сёлетніх паставак павялічыўся амаль удвая — з 606,9 тысяч долараў у студзені-чэрвені 2017 года да 1,123 мільёна долараў сёлета.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі