Уладальніка аграсядзібы на Лідчыне аштрафавалі, бо амапаўцы ўбачылі "Пагоню"
17 траўня суд Лідскага раёна аштрафаваў уладальніка аграсядзібы "Гасьціна" Віталя Карабача на 870 рублёў (30 базавых). Яго прызналі вінаватым у правядзенні несанкцыянаванага пікета.
Карабача затрымалі 14 траўня. Перад судом мужчына трое сутак правёў пад вартай.
"Мне далі штраф 30 базавых велічынь за пікет у сядзібе. Ехаў міма мінскі АМАП, убачыў "Пагоню" і так заехаў у госці", — расказаў Карабач інфармагенцтву БелаПАН.
Мужчына паведаміў, што міліцыя абыходзілася з ім карэктна. Але да палітычных затрыманым існавалі абмежаванні: ім не давалі паліць, не прымалі перадачы, ноччу падымалі два разы.
У суддзі Філатава, які разглядаў справу Карабача, прэтэнзіі былі не да вялікай "Пагоні" ў сядзібе, а да сімволікі ў машыне.
Гістарычны герб "Пагоня" ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў і ахоўваецца дзяржавай як нематэрыяльная каштоўнасць. Гэта не замінае міліцыянтам затрымліваць за яго, а суддзям — штрафаваць або адпраўляць на суткі.
Карабач плануе і надалей займацца сядзібай. Хіба што на ўваходзе цяпер не будзе нацыянальнай сімволікі. Аднак у выпадку далейшага ціску ён гатовы прадаць бізнэс.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.