Удзельнікі кантактнай групы прыляцелі ў Мінск, праходзяць перамовы (відэа)
У комплексе "Дыпсэрвіс Хол" у Вайсковым завулку сабраліся прадстаўнікі Украіны, Расіі, АБСЕ і самаабвешчаных рэспублік.
Увечары 10 лютага ў Мінску пачалося паседжанне трохбаковай кантактнай групы (Украіна — Расія — АБСЕ), якая абмяркуе сітуацыю на Данбасе і выкананне ранейшых дамоўленасцяў. У ім бяруць удзел і прадстаўнікі самаабвешчаных рэспублік "ДНР" і "ЛНР".
Як стала вядома, у беларускую сталіцу прыляцелі: экс-прэзідэнт Украіны Леанід Кучма, пасол Расіі ва Украіне Міхаіл Зурабаў, спецпрадстаўнік АБСЕ Хайдзі Тальявіні, прадстаўнікі самаабвешчаных "ДНР" і "ЛНР" Дзяніс Пушылін і Уладзіслаў Дэйнега. Мерапрыемства праходзіць у комплексе "Дыпсэрвіс Хол" у Вайсковым завулку. Заяваў для прэсы па яго выніках не будзе.
Нагадаем, папярэдняе паседжанне кантактнай групы прайшло ў Мінску 31 студзеня. Пасля яго Кучма заявіў пра зрыў перамоваў.
11 лютага ў Мінску пройдзе сустрэча ў "нармандскім фармаце", прысвечаная сітуацыі на Данбасе. У ёй мусяць узяць удзел канцлер Нямеччыны Ангела Меркель, прэзідэнт Францыі Франсуа Аланд, прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка і расійскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін. Сённяшняя сустрэча мусіць падрыхтаваць глебу для заўтрашніх перамоваў.
Фота: БЕЛТА