Ужо на наступным тыдні ЕС можа прыпыніць санкцыі супраць Лукашэнкі
ЕС можа прыпыніць санкцыі супраць беларускіх чыноўнікаў. У тым ліку можа быць знятая забарона на ўезд у краіны Еўрасаюза для Аляксандра Лукашэнкі.
Як паведамляе агенцтва Reuters са спасылкай на ўласныя крыніцы, нагодай для такога рашэння стала масавае жнівеньскае вызваленне беларускіх палітвязняў.
Фармальнае рашэнне пра "замарозку" санкцыяў можа быць прынятае ўжо на наступным тыдні на сустрэчы дыпламатаў ЕС. Пры гэтым афіцыйна санкцыі будуць падоўжаныя, але на іх можа быць накладзены мараторый.
Хутчэй за ўсё, застануцца пад санкцыямі чатыры прадстаўнікі беларускіх спецслужбаў, якіх падазраюць у датычнасці да знікнення палітычных апанентаў улады.
Прыпыненне санкцыяў можа закрануць не толькі беларускіх чыноўнікаў. ЕС абмяркоўвае таксама магчымасць адмяніць санкцыі супраць 25 беларускіх кампаній. Але верагодна, галоўны экспарцёр вайсковай тэхнікі "Белтэхэкспарт" застанецца пад санкцыямі.
Адна з асобаў паведаміла агенцтву, што зняцце санкцый можа адкрыць для краіны новыя крыніцы крэдытавання: "Гэта можа азначаць, што Расія больш не будзе адзінай крыніцай фінансавання для Беларусі".
Разам з тым, некаторыя урады ЕС заклікаюць зрабіць механізм адмены санкцый супраць Беларусі падобным на той, які дзейнічае ў дачыненні да іранскай ядзернай праграмы. У выпадку новых парушэнняў правоў чалавека, санкцыі будуць накладацца зноў.
Фота: president.gov.by