Ва Ўкраіне 3 траўня стартуе "Беларуская вясна"

У нядзелю, 3 траўня, у Кіеве стартуе самы маштабны ва Ўсходняй Еўропе фэст сучаснай беларускай культуры без цэнзуры "Беларуская вясна 2009". Адкрыецца мерапрыемства на майдане Незалежнасці імпрэзай "Лыжы на асфальце". Як паведамілі арганізатары ў інтэрв'ю сайту openbiz.com.ua, фэст закліканы паказаць ва Ўкраіне свежую і актуальную беларускую культуру па-за стэрэатыпамі, умацаваць сувязі на чалавечым, а не дзяржаўным узроўні. Беларуская культура адкрыецца ўкраінцам з розных бакоў: з усмешкай — падчас карнавальнага шэсця, сур'ёзна — на "круглым стале" аб цэнзуры ў СМІ і кнігавыдавецтве.

Сярод запланаваных мерапрыемстваў - музычныя канцэрты, паэтычны слэм, літаратурны вечар, дэманстрацыя кіно і фотавыстава. Украіну наведаюць пісьменнік Уладзімір Арлоў, этна-група "Джамбібум", паэт Андрэй Хадановіч, мастак Алесь Пушкін, брэсцкі "Вольны тэатр" ды іншыя.

Фэст беларускай культуры адбудзецца ва Ўкраіне ў трэці раз. У Кіеве ён пройдзе з 3 па 18 траўня. Таксама "Беларуская вясна" наведае Львоў, Цярнопаль, Харкаў, Данецк, Івана-Франкоўск і іншыя гарады.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі