Валеры Фадзееў:«За 11 гадоў КС не разгледзеў ніводнага акта прэзідэнта»

Былы суддзя Канстытуцыйнага суда Валеры Фадзееў расказаў Еўрарадыё, ці можна трактаваць законы ў адпаведнасці з сацыяльна-эканамічнай і палітычнай сітуацыяй, як загадаў новаму старшыні КС прэзідэнт, і ці змянілася б наша жыццё, калі б усе выконвалі нормы сённяшняй Канстытуцыі. Еўрарадыё: "На ваш погляд, ці насамрэч у працы суддзі Канстытуцыйнага суду і супрацоўніка пракуратуры столькі агульнага, што яны спакойна могуць узаемазамяняць адзін другога?"

Валеры Фадзееў: "Сказаць, што абсалютна супадаюць задачы і функцыі, я не магу. Усё ж у Канстытуцыйнага суда больш вузкая кампетэнцыя. Канстытуцыйны суд ажыццяўляе кантроль за канстытуцыйнасцю нарматыўна-прававых актаў, а пракуратура – агульны нагляд за законнасцю ў дзяржаве. Што тычыцца замены фігуры на фігуру, то Рыгор Васілевіч з’яўляецца доктарам юрыдычных навук, працаваў у Вярхоўным савеце і Канстытуцыйным судзе. Магчыма, ён і разбярэцца з праблемамі, якія існуюць у пракуратуры. Хаця, можа, лепш было б, калі б гэтую пасаду заняў чалавек, які прайшоў усе прыступкі пракуратуры".

-- Што, на ваш погляд, стаіць за словамі прэзідэнта: “Канстытуцыйны суд павінен не толькі крытыкаваць законы, а ўносіць свае прапановы”? Здаецца, ад пачатку функцыя КС не ў крытыцы, а ў тым, каб вызначыць, наколькі прынятыя Законы, Указы ці рашэнні адпавядаюць Канстытуцыі?

- Не ведаю, што меў на ўвазе прэзідэнт, калі гаварыў аб крытыцы. Калі Канстытуцыйны суд, напрыклад, прымае рашэнне аб неканстытуцыйнасці нарматыўнага акта, то гэта можна нейкім чынам лічыць крытыкай. Але ў чыстым выглядзе гэта не крытыка. Гэта рашэнне, якое з’яўляецца абавязковым для ўсіх. Канешне, Канстытуцыйны суд, калі прымае рашэнне, можа выдаць рэкамендацыі. Хаця галоўная яго задача сказаць – канстытуцыйны гэта акт ці не. Я лічу, што Канстытуцыйны суд не можа ўносіць ніякіх законапраектаў. Кодэкс аб судаўладкаванні і статусе суддзяў забараняе Канстытуцыйнаму суду ажыццяўляць кантроль і рэцэнзіраванне актаў, канстытуцыйнасць якіх можа стаць аб’ектам яго разгляду.

- Ці не павінны законы, перш чым яны будуць прынятыя, праходзіць папярэднюю экспертызу ў КС?

- Для гэтага трэба змяняць Канстытуцыю, перш, чым надзяліць суддзяў такімі паўнамоцтвамі.

-- Чаму, на ваш погляд, у апошні час законы прымаюцца з такімі “дзіркамі”?. Прымаюць закон, а потым раптам высвятляецца, што ён супярэчыць шэрагу іншых…

- Агульнай нормай з’яўляецца так званы “пакетны прынцып”. Калі прымаецца нарматыўны акт, асабліва той акт, які па-новаму рэгулюе нейкія адносіны, ці ён пераклікаецца з тымі актамі, якія дзейнічалі раней, павінны адразу прымацца акты аб адмене тых актаў, што дзейнічалі раней. Гэта правільна, але ёсць, напэўна, праблемы часу, праблемы людзей. І атрымліваецца, як з законам аб ільготах. Закон прыняты, а потым акурат у дзень адмены льготаў з’яўляецца Указ. Тут гэты “пакетны прынцып” не быў вытрыманы. Я думаю, што тут Канстытуцыйнаму суду і трэба было сказаць сваё слова.

- Ці заўсёды сэнс законаў супадае з тым, як яны ўжываюцца на практыцы? Той жа закон аб абмежаванні выязду за мяжу: хацелі як лепш, а зараз у спіс невыязных хто толькі не трапляе!

- Прычынай гэтага, магчыма, з’яўляецца нейкая недакладнасць норм. Калі норма недакладна вызначана, яе можна трактаваць як каму захочацца.

- Сёлета Канстытуцыйны суд нарэшце дамогся таго, што адмянілі прапіску і дазвольны штамп на выезд. Але зараз людзі кажуць, што лепш бы гэтага не рабілі…

- Мне падаецца, што гэта вельмі фармальныя акты былі прынятыя. Калі паглядзець на гэтыя працэдуры рэгістрацыі, то яны мала чым адрозніваюцца ад працэдур прапіскі. А што тычыцца адмены дазвольнага штампу выязду за мяжу, то тут хутчэй праблемы правапрымянення. Хаця некаторыя нормы Указу ў адносінах да некаторых катэгорый асобаў, якім забаронены выезд, у мяне выклікаюць некаторыя сумненні.

- Ці прымаў Канстытуцыйны суд у апошні час рашэнні, якія вы б маглі адзначыць?

- За апошнія 10-11 гадоў Канстытуцыйны суд не разгледзеў ніводнага акта прэзідэнта. І тут ёсць праблемы. Праблемы звяртання. Калі мы былі ў Канстытуцыйным судзе, да нас звярталіся па любых актах: актах прэзідэнта, актах Вярхоўнага савета, а тут… У нас цяпер па Канстытуцыі прапановы ў Кастытуцыйны суд могуць уносіць 6 суб’ектаў. Але часьцяком узнікае пытанне: “Ці будзе ў Канстытуцыйнага суда праца?”

- Яшчэ адно выказванне Лукашэнкі тычыцца таго, што Канстытуцыйны суд не павінен азірацца на Захад, а кіравацца законамі Беларусі. І прымаць рашэнні з улікам сацыяльна-эканамічнага і палітычнага становішча ў краіне. На вашу думку, так можна працаваць?

- Па-першае, ёсць міжнародныя акты, да якіх далучылася Беларусь, якія дзейнічаюць для Беларусі, агульна прызнаныя прынцыпы міжнароднага права. Аб чым размова? Мы павінны выконваць гэтыя міжнародныя акты. Другое. Напрыклад, у мяне спрэчка з дзяржаўным органам. І калі ў адпаведнасці з законам мне належыць сацыяльная льгота, то аддайце мне яе. А калі мне будуць казаць, што такая сітуацыя і грошай не хапае ў бюджэце раёна ці горада, мы вам гэтага не дадзім, то гэта падыход не для пракуратуры і не для Канстытуцыйнага суда.

- У праваабаронцаў савецкіх часоў быў лозунг: “Давайце жыць па Канстытуцыі!” Ці моцна зьмянілася б наша краіна, калі б мы жылі, дакладна прытрымліваючыся сённяшняй Кастытуцыі?

- Калі б мы цвёрда прытрымліваліся нормаў Канстытуцыі і жылі ў адпаведнасці з Канстытуцыяй, а гэта тычыцца і органаў улады, і народа, то, я думаю, краіна б змянілася. І змянілася б вельмі моцна. На жаль прававы нігілізм працягваецца. Давайце жыць па Канстытуцыі! Яна для таго і пішацца, каб усталяваць такія ўмовы існавання дзяржавы, людзей у ёй, каб існавалі, выбачайце за таўталогію, умовы для належнага жыцця.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі