ЗША: Пуцін асабіста адказны за збіццё малазійскага “Боінга”
Такую заяву зрабіў прадстаўнік Белага дому Джош Эрнэст у часе штодзённага брыфінгу для прэсы.
Паводле словаў Эрнэста, на падставе дадзеных выведкі ЗША можна сказаць, што віну за збіты “Боінг” авіякампаніі Malaysia Airlines нясе Расія і асабіста яе прэзідэнт Уладзімір Пуцін.
Гэта найбольш жорсткая заява амерыканскіх уладаў на адрас Расіі з таго часу, як 17 ліпеня самалёт упаў пад Данецкам, у выніку чаго загінулі 298 чалавек. Па словах Эрнеста, самалёт быў збіты ракетай класа “зямля-паветра” з раёна, падкантрольнага сепаратыстам, а ўкраінскае войска не выкарыстоўвала зенітныя гарматы ў гэтым раёне.
Да таго ж, ЗША вядома, што з Расіі баевікам на ўсходзе Украіны пастаўляюць цяжкое ўзбраенне, і Расія інструктуе іх, як з гэтай зброяй абыходзіцца. Сярод гэтай тэхнікі ёсць і сістэмы “Бук”, сказаў Эрнэст, спасылаючыся на паведамленні ў соцсетках.
“Таму мы прыйшлі да высновы, што Уладзімір Пуцін і расіяне нясуць віну за гэту трагедыю”, — цытуе амерыканскага чыноўніка ВВС.
Эрнэст таксама працытаваў заяву віцэ-старшыні камітэту па выведцы ў сенаце, рэспубліканца Сэксбі Чэмбліса, які азнаёміўся з сакрэтнымі дадзенымі выведкі: “Ці самі рускія націснулі на кнопку, ці прарасійскія сепаратысты, якія прайшлі інструктаж у рускіх, — усё адно, усё ўрэшце рэшт зводзіцца асабіста да Уладзіміра Пуціна”.
Як адзначыў Эрнэст у адказ на ўдакладняючае пытанне журналістаў, віна Расіі, па думку Белага дома, заключаецца ў стварэнні сітуацыі, у якой запуск ракеты быў магчымы, а хто быў непасрэдна адказны за гэта — высветліцца ў часе міжнароднага расследавання, якім цяпер кіруюць Нідэрланды”.
Раней былі абнародаваныя дадзеныя службы выведкі ЗША, згодна з якімі малазійскі “Боінг” быў, як мяркуецца, збіты прарасійскімі сепаратыстамі памылкова.
Фота: REUTERS