Відэа, як футбольная зборная Беларусі прайграла камандзе Паўночнай Ірландыі
Футбольная зборная Беларусі прайграла камандзе Паўночнай Ірландыі — 0:3. Таварыскі матч 27 траўня прайшоў у Белфасце. Гаспадары поля гулялі ўпэўнена, актыўна, скарысталіся памылкамі беларускай абароны і брамніка. На 6-й хвіліне вызначыўся Лаферці, на 45-й — Вашынгтон, на 88-й Грыг, які выйшаў на замену.
Ужо ў першым тайме замянілі Ягора Філіпенку, які атрымаў траўму. У каманды Аляксандра Хацкевіча наперадзе мала што атрымлівалася. Беларусы актывізаваліся ў канцы другога тайма, пасля праведзеных заменаў і выхаду на поле Аляксандра Глеба. Аднак хаця б забіць адзін гол не ўдалося, затое прапусцілі трэці.
Беларуская зборная гуляла ў наступным складзе: Гарбуноў, Шытаў (Паліцевіч, 78), Мартыновіч (капітан), Філіпенка (Сівакоў, 38), М. Валадзько, Корзун, Крывец (Глеб, 61), Кісляк, Стасевіч, Януш (Палякоў, 72), Гардзяйчук.
31 траўня ў Корку зборная Беларусі згуляе таварыскі матч са зборнай Ірландыі (пачатак у 21.45 паводле беларускага часу). Жывая трансляцыя запланаваная на тэлеканале "Беларусь 5".