Вулічныя мастакі размалююць 6 дамоў у цэнтры Гомеля
15-20 кастрычніка ў сталіцы Палесся працуе праект “Must Act — Must Art”. Усе дамы стаяць на самым папулярным гомельскім турыстычным маршруце.
У праекце бяруць удзел мастакі з Гомеля, Віцебска, Мінска, Пінска і Масквы. Каардынатар “MustAct — MustArt” Алег Ларычаў распавядае Еўрарадыё, што ніякіх умоваў мастакам не ставілі — кожны малюе тое, што лічыць неабходным.
Алег Ларычаў: “Уладам і ў Магілёве, і ў Гомелі гэта цікава і выгадна. Вядома, яны спачатку пачынаюць размовы наконт таго, каб намаляваць што-небудзь з гісторыі горада. Але калі яны ставяць сваю тэму, дык гэта проста заказуха, і мастакам гэта не цікава. Звычайна за такое мастакі звычайна атрымліваюць грошы. А калі яны даюць свабоду, дык мастакам цікава рэалізаваць сваю ідэю. А муніцыпальныя ўлады атрымліваюць бясплатнае ўпарадкаванне раёна”.
У Гомелі “MustAct — MustArt” прапісаўся ў Чыгуначным раёне.
“Турысты, прыязджаючы ў Гомель, звычайна маюць тут адзін маршрут: ад вакзала па цэнтральнай вуліцы [праспект Леніна. — Еўрарадыё] да парка Паскевічаў, палаца Паскевічаў, — працягвае Алег Ларычаў. — І мы акурат па гэтым маршруце выбралі раёнчык, каб зрабіць тут яшчэ турыстычныя аб’екты”.
Нагадаем, некамерцыйны праект “MustAct — MustArt” запушчаны стрыт-арт-суполкай SIGNAL. Яго мэта — палепшыць якасць гарадскога асяроддзя сіламі і ідэямі вулічных мастакоў.
Першая акцыя праекта паспяхова прайшла ў Магілёве ў жніўні 2013 года.
На фота: адна з магілёўскіх лакацый “MustAct — MustArt”.
Фота: Вольга Шукайла.