Вядомага фатографа з Крэва выклікаюць у міліцыю за Масленіцу ў яго на падворку

Бліны на падворку ў Сяргея Гапона​ / facebook.com/gapon.sergey
Бліны на падворку ў Сяргея Гапона​ / facebook.com/gapon.sergey

Вядомы фатограф і ўраджэнец Крэва Сяргей Гапон у нядзелю запрасіў да сябе на радзіму гасцей, каб адсвяткаваць Масленіцу, абяцаў добрае надвор'е і бліны. Развітанне з зімой адзначалі ў яго на падворку.

Былі бліны, карагоды, вогнішча і спальванне пудзіла. Падводзячы вынік дня ў Facebook, Сяргей Гапон прызнаў, што рады быў бачыць у сябе старых і новых сяброў, а яшчэ распавёў, што "гэтым разам чакана на нашую тусоўку завітала і раённая міліцыя з позвай на маё прозвішча на заўтра для дачы пісьмовых тлумачэнняў па артыкулу 24.23".

Гаворка ідзе аб артыкуле "Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў", які ў ранейшай рэдакцыі КоАП меў нумар 23.34.

Госці Гапона пад постам у Facebook здзівіліся ўвазе міліцыі, таму што свята праходзіла на падворку фатографа, па сутнасці, ён проста прымаў гасцей. Такімі тэмпамі, пажартаваў адзін з каментатараў, у бліжэйшы час санкцыянаваць ва ўладаў, каб не патрапіць пад артыкул аб незаконным масавым мерапрыемстве, прыйдзецца і правядзенне вяселляў.

Складанасці з арганізацыяй і правядзеннем Масленіцы сёлета ўзніклі і ў іншых актывістаў. Да прыкладу, жыхарам мінскага мікрараёна Брылевічы сёлета не дазволілі ладзіць развітанне з зімой —  папярэдзілі, што дваровае свята будзе лічыцца несанкцыянаваным мерапрыемствам. Арганізатарам у гэтым выпадку выступаў орган мясцовага самакіравання —   КОТГС, і ў мінулыя гады за такія дваровыя святы КОТГС з Брылевічаў нават заахвочвалі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі