"Вясна" — лаўрэат прэміі ААН у галіне правоў чалавека за 2023 год
Вясноўцы на ўручэнні прэміі "Чэмпіёны грамадзянскай супольнасці" ў 2020-м / spring96.org
"Вясна" — лаўрэат прэміі Арганізацыі Аб'яднаных Нацый у галіне правоў чалавека за 2023 год. Сёлета яе атрымалі пяць пераможцаў, а сярод іх і беларускі праваабарончы цэнтр. 20 ліпеня іх назваў старшыня Генеральнай Асамблеі Чаба Керэшы.
Лаўрэаты прэміі былі абраныя спецыяльным камітэтам з больш чым 400 прэтэндэнтаў. Цырымонія ўручэння прэміі адбудзецца ў штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку ў снежні.
"Прыхільнасць пераможцаў кажа аб універсальным характары правоў чалавека ў крытычны час, — гаворыць Чаба Керэшы. — Прэмія накіроўвае абаронцам правоў чалавека ва ўсім свеце выразны сігнал аб тым, што міжнародная супольнасць удзячная і падтрымлівае іх намаганні па прасоўванні ўсіх правоў чалавека для ўсіх".
Згаданы спецыяльны камітэт заклікае дзяржавы-члены ААН вызваліць усіх затрыманых праваабаронцаў. У Беларусі за кратамі знаходзіцца і група вясноўцаў-палітвязняў, а сярод іх нобелеўскі лаўрэат Алесь Бяляцкі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.