Выбарчая камісія скараціла біяграфію старшыні Партыі БНФ
З біяграфіі кіраўніка Партыі БНФ Рыгора Кастусёва, прызначанай для размяшчэння на выбарчых стэндах і ўлётках, зніклі некаторыя звесткі. Так вырашыла Шклоўская акруговая выбарчая камісія №54, перадае Радыё "Свабода".
У прыватнасці, выбаркам выкрасліў інфармацыю пра тое, што Кастусёў жыве ў Шклове, што ён старшыня Партыі БНФ. Знікла таксама згадка пра тое, што Кастусёў удзельнічаў у стварэнні праграмы па рэфармаванні жыллёва-камунальнай гаспадаркі Беларусі.
Старшыня Шклоўскай выбарчай камісіі Аляксандар Гурынаў заявіў Кастусёву, што інфармацыю выдалілі, бо яна не мае дачынення да выбараў.
Сам кандыдат адзначае, што пры падачы інфармацыі выбаркам не выказваў прэтэнзіяў ні да яе аб’ёму, ні да саміх фактаў. Кастусёў лічыць, што такім чынам хацелі прынізіць "значнасьць дасягненняў" яго ў параўнанні з іншымі кандыдатамі.
Цяпер старшыня ПБНФ рыхтуе скаргу ў Магілёўскую абласную камісію, Цэнтравыбаркам і пракуратуру.