"Выходжу!" — Марш памяці Рамана Бандарэнкі ў фота
Сілавікі і мірныя пратэстоўцы на "Плошчы Перамен" у Мінску 15 лістапада 2020 года / Еўрарадыё
У 99-ы па ліку пратэстны дзень у Беларусі прайшла акцыя памяці забітага жыхара "Плошчы Перамен" Рамана Бандарэнкі. У гэты дзень беларусы збіраліся ўспомніць загінулых падчас пратэстаў, але як і тыдзень таму, тысячы сілавікоў спрабавалі ўсімі сіламі перашкодзіць гэтым планам, таму арганізаванага шэсця не атрымалася.
15 лістапада выйшлі Гомель, Брэст, Гродна, Віцебск, Жлобін, Баранавічы, Навагрудак, Ляхавічы (туды ўпершыню прыгналі аўтазакі). У Мінску з раніцы было ўсё так, як цяпер па нядзелях — у горад прыехала разнастайная спецтэхніка і людзі ў чорным і аліўкавым. Пасля 9 раніцы перастаў працаваць мабільны інтэрнэт, і зачыніліся многія станцыі метро. І ўжо на месцы збору маршу — у раёне метро "Пушкінская" — пачаліся першыя затрыманні, у тым ліку жорсткія, і разгоны светлашумавыя гранатамі і слёзатачывым газам.
Тады людзі пайшлі ў бок "Плошчы Перамен", куды апошнія дні тысячы беларусаў прыйшлі з кветкамі і лампадкамі, каб аддаць памяць збітаму 12 лістапада невядомымі і памерламу Раману Бандарэнка. Ну а потым сюды прыехалі тысячы сілавікоў. У людзей паляцелі зноў светлашумавыя гранаты. Пратэстоўцы ў счэпцы ахоўвалі мемарыял Раману Бандарэнку — такога маштабу месца памяці ў Беларусі не было з часоў трагедыі на Нямізе ў 1999-м годзе. Але дэманстрантаў атачылі, усіх забралі, а мемарыял знішчылі.
Выйсці з дому на "Плошчы Перамен" зараз можна толькі па пашпарце — тыя, невядомыя чакаюць пратэстоўцаў, якія схаваліся ў кватэрах навакольных дамоў. На дадзены момант "Вясна" паведамляе пра больш за 1000 затрыманых. У спісах валанцёраў — каля 1300 прозвішчаў. Сярод іх — 23 журналісты. Кацярына Андрэева з "Белсата" змагла паведаміць, што ёй ставяць у віну крымінальны артыкул 342 — "арганізацыя групавых дзеянняў".
Якім гэты дзень запомніцца мінчанам — глядзіце ў фота карэспандэнтаў "Еўрарадыё", "Радыё Свабода", TUT.by, "Наша Ніва", "Белсат".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.