Вырасла колькасць прадпрыемстваў, дзе затрымліваюць заробкі
У Беларусі вырасла колькасць прадпрыемстваў, якія затрымліваюць заробкі сваім супрацоўнікам. У кастрычніку іх было 230, паведамляе TUT.by са спасылкай на дадзеныя дзяржаўнай інспекцыі працы Мінпрацы.
Адзначаецца, што парушэнні былі выяўленыя менавіта ў кастрычніку, таму асобныя прадпрыемствы на сёння маглі разлічыцца з даўгамі.
Шэсць прадпрыемстваў плацілі супрацоўнікам меней за “мінімалку”. Гэта ААТ “Шлях новы” з Брэсцкай вобласці і 5 прадпрыемстваў з Гродзеншчыны (ТАА “МегаШарм”, ТАА “СС-Трэйд”, ПГУП “Алірыс”, ТАА “Ава-Клайн”, ТДА “ЛанісДрэў”).
У Віцебскай вобласці не датрымліваліся тэрмінаў выплаты заробкаў на 76 прадпрыемствах, у Мінскай — на 66. У Брэсцкай вобласці было 10 такіх арганізацыяў, у Гомельскай — 3, у Гродзенскай — 13, у Магілёўскай — 39, а ў Мінску — 23.
Сярод прадпрыемстваў парушальнікаў — Аршанскі камбінат хлебапрадуктаў, Полацкае райпа, Лідская мэблевая фабрыка, Барысаўскі кансервавы завод і ТАА “Універсам Цэнтральны".
У сталіцы ў спіс даўжнікоў па заробках трапілі сетка цырульняў “Усход” і трыкатажная фабрыка “Арэола”.
У верасні выявілі 160 прадпрыемстваў, якія несвоечасова выплочвалі заробкі.
Усяго ад пачатку года ў краіне было 1835 выпадкаў, калі наймальнікі затрымлівалі заробкі супрацоўнікам.