"Я важу 124 кілаграмы. Без эрэкцыі": у Францыі новы скандал з Дэпардзье
Жэрар Дэпардзье
У Францыі разгараецца скандал вакол дакументальнага фільма, у якім акцёр Жэрар Дэпардзье непрыстойна выказваецца на адрас жанчын, піша BBC.
У карціне сабраныя фрагменты здымкаў фільма з яго ўдзелам, якія праходзілі ў Паўночнай Карэі ў 2018 годзе. На іх 74-гадовы акцёр паўстае апантаным сексам. Напрыклад, ён неаднаразова ставіць сваю перакладчыцу ў няёмкае становішча, заяўляючы: "Я важу 124 кілаграмы. Без эрэкцыі. З эрэкцыяй мая вага 126 кілаграмаў". Яго таксама знялі ў стайні, дзе ён расказваў пра тое, чаму, на яго думку, жанчынам падабаецца ездзіць верхам на кані.
Праграма, якая з'яўляецца часткай серыі Complément d'Enquête (Далейшае расследаванне) на канале France 2 выкарыстоўвае гэты матэрыял для падмацавання абвінавачванняў у сексуальных дамагальніцтвах у адрас Дэпардзье, высунутых нядаўна некалькімі жанчынамі, якія працуюць у кінаіндустрыі.
У 2020 годзе пасля скаргі актрысы Шарлот Арно ў дачыненні да Дэпардзье было распачатае судовае расследаванне па падазрэнні ў згвалтаванні і сексуальным гвалце. А тры месяцы таму была ўзбуджана другая справа, пасля таго як актрыса Элен Дарас абвінаваціла Дэпардзье ў тым, што ён непрыстойна дакранаўся да яе ў 2007 годзе падчас здымак фільма "Дыскатэка".
У красавіку ў анлайн-расследаванні выданне Médiapart працытавала 13 жанчын (некаторыя з іх выступілі ананімна), якія абвінавацілі акцёра ў непрыстойных паводзінах. Гэта прымусіла яго адмяніць публічныя выступы.
Дэпардзье абвінавачванні абвяргае. У кастрычніку ён напісаў адкрыты ліст у газету Le Figaro.
"Усё сваё жыццё я паводзіў сябе правакацыйна, "праз край", часам быў грубым. Я часта рабіў тое, на што іншыя не адважваліся: выпрабоўваў межы прымальнага, падтрасаў агульнапрынятыя погляды… Але я не гвалтаўнік і не драпежнік".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.