Як экс-прэм’ера і губернатараў зробяць сенатарамі, не парушыўшы Канстытуцыю
Для гэтага Мясніковічу могуць залічыць навучанне ў Брэсце ў 70-х гадах або пазбавіць мандата сённяшняга кіраўніка Савета Рэспублікі Анатоля Рубінава
Апошнюю суботу адыходзячага 2014 года можна назваць “чорнай” для прэм’ер-міністра Міхаіла Мясніковіча — 27 снежня кіраўнік краіны зняў яго з гэтай пасады. Праўда, ужо на наступны дзень стала вядома, што Аляксандр Лукашэнка “рэкамендаваў” прызначыць былога прэм’ера на пасаду старшыні Савета Рэспублікі.
Цікава, што гэта не першы выпадак, калі старшыня Савета міністраў робіцца старшынёй Савета Рэспублікі: у 2003 годзе гэта здарылася з прэм’ерам Генадзем Навіцкім. На пасадзе прэм’ер-міністра Навіцкі адпрацаваў з кастрычніка 2001 па ліпень 2003. Афіцыйна сваёй прэм’ерскай пасады ён пазбавіўся праз “праблемы ў сельскай гаспадарцы”. Праз 18 дзён пасля адстаўкі сенатары “абралі” Навіцкага сваім старшынёй. Вось так проста!
Міхаіл Мясніковіч быў прызначаны кіраўніком урада 28 (!) снежня 2010 года і амаль дзень у дзень праз чатыры гады яго звольнілі. Без усялякіх версій пра прычыны. Тым не менш за час яго кіравання мы перажылі валютны крызіс 2011 года і перажываем валютны ажыятаж 2014-га. Што праўда, наўрад ці гэта перашкодзіць былому прэм’еру стаць сенатарам і ўзначаліць Савет Рэспублікі. Якім чынам?
У адпаведнасці з Канстытуцыяй, ад кожнай вобласці і горада Мінска мясцовыя дэпутаты выбіраюць па 8 сенатараў. Яшчэ 8 прызначае кіраўнік краіны. Як тлумачаць Еўрарадыё ў прэс-службе Савета Рэспублікі, у Аляксандра Лукашэнкі яшчэ ёсць квота: два свабодныя месцы, на якія ён можа прызначыць “сваіх” людзей. Так што пытанне з Мясніковічам-сенатарам вырашальнае. Засталося, як слушна заўважаюць у прэс-службе, дачакацца афіцыйнага рашэння на гэты конт кіраўніка краіны, і Анатолю Рубінаву не застанецца нічога іншага, як перасесці ў крэсла шараговага сенатара.
Старшыня Савета Рэспублікі Анатоль Рубінаў
Але на гэтым змены ў сенаце не завершацца. У гэту ж “чорную” суботу Лукашэнка зняў губернатараў Брэсцкай і Віцебскай абласцей, а за некалькі дзён да гэтага — кіраўніка Магілёўшчыны. І прызначыў на іх месца новых людзей. Па традыцыі губернатары аўтаматычна становяцца сенатарамі. Ці знойдзецца ў Савеце Рэспублікі чатыры незанятыя крэслы з улікам Мясніковіча?
Глядзім: у Аляксандра Лукашэнкі дзве вакансіі незанятыя. А летам праваахоўныя органы краіны “вызвалілі” яшчэ два сенатарскія крэслы: былі арыштаваныя магілёўскі і віцебскі сенатары Віталь Кастагораў і Ганна Шарэйка. Такім чынам, маем 4 вольныя месцы і столькі ж прэтэндэнтаў. Ніякіх праблем? Не так усё проста.
Ізноў звяртаемся да Канстытуцыі і даведваемся, што сябрам Савета Рэспублікі можа стаць грамадзянін Беларусі, які не менш за 5 гадоў пражыў на тэрыторыі вобласці, прадстаўляць якую ён збіраецца ў сенаце. Праўда, прэзідэнцкіх прызначэнцаў гэта не тычыцца. Але прызначыць ён можа толькі дваіх: Міхаіла Мясніковіча і…
Глядзім біяграфію прэтэндэнтаў. Кіраўнік віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец узначаліў Адміністрацыю прэзідэнта, а на яго месца прыйшоў галоўны інспектар па Віцебскай вобласці Мікалай Шарстнёў. З гэтым кандыдатам у сенатары ад Віцебскай вобласці праблем няма: ён і нарадзіўся на Віцебшчыне, і вучыўся ў мясцовым ветэрынарным інстытуце, і працаваў тут.
Іншая справа з новымі губернатарамі Віцебскай і Магілёўскай абласцей Анатолем Лісам і Уладзімірам Даманеўскім. Анатоль Ліс нарадзіўся ў Гродзенскай вобласці, тут пачынаў “працоўны шлях”, далей быў старшынёй Мазырскага райвыканкама, а ў губернатары пайшоў з пасады галоўнага інспектара па Гомельскай вобласці. Уладзімер Даманеўскі і нарадзіўся ў Мінскай вобласці, і працаваў тут да таго часу, пакуль не быў прызначаны ў 2013 годзе галоўным інспектарам па Гродзенскай вобласці. Але, як бачым, 5-гадовага стажу пражывання ў сваіх “губернатарскіх” абласцях ні Ліс, ні Даманеўскі не маюць.
Да прыкладу, аднаго з іх сенатарам разам з Міхаілам Мясніковічам робіць кіраўнік краіны. Але як быць з другім? Патрабаванне Канстытуцыі канкрэтнае: пражыві 5 гадоў у вобласці, ад якой ідзеш у сенатары і ўсё тут! Калі што, Міхаіл Мясніковіч нарадзіўся ў вёсцы Новы Сноў Мінскай вобласці і працаваў ўсё жыццё ў сталіцы.
Міхаіл Мясніковіч
Такім чынам, мы бачым толькі два сцэнарыі, па якіх усіх новапрызначаных чыноўнікаў могуць і сенатарамі зрабіць, і Канстытуцыі не парушыць.
Першы: Анатоля Рубінава не толькі пазбаўляюць пасады старшыні Савета Рэспублікі, але і мандата сенатара. Тады Міхаіла Мясніковіча змогуць “абраць” ад Мінска, Шарстнёва — ад Віцебскай вобласці, а Ліса і Даманеўскага прызначае Аляксандр Лукашэнка.
Другі варыянт: Мясніковічу прыгадваюць, што ён вучыўся і ў 1972 годзе скончыў Брэсцкі інжынерна-будаўнічы інстытут, залічваюць яму гэта ў неабходны стаж пражывання на тэрыторыі вобласці і на падставе гэтага “абіраюць” брэсцкім сенатарам. Ліса і Даманеўскага, ізноў жа, прызначае Аляксандр Лукашэнка.
А можа, улады знойдуць нейкі іншы, нечаканы варыянт…
Фота: Змітра Лукашука, bymedia.net