“Як патрапіў у душ дома мэра Светлагорска, не скажу з меркаванняў бяспекі”

Блогер са Светлагорска выклаў у інтэрнэт ролік пра тое, як жыве старшыня мясцовага райвыканкама, пра стан мясцовых дарог ды іншыя хібы. У адказ жонка чыноўніка абвінаваціла ў паклёпе ды абразе гонару ды годнасці. Міліцыянты правялі выманне камп’ютара, ці будуць распачынаць супраць яго справу — вырашаць пасля вывучэння тэхнікі.

Еўрарадыё: Ці чакалі вы такой рэакцыі на ваш ролік?

Генадзь Жулега: Пасля таго як я прачытаў каментары на ролік супрацоўнікаў выканкама, то чакаў, што нейкая рэакцыя будзе. Але думаў, што яна абмяжуецца нейкай позвай аб абароне гонару і годнасці… Але то, што гэта будзе з міліцыянтамі, — гэта было нечакана.

Еўрарадыё: І як ролік каментавалі супрацоўнікі райвыканкама?

Генадзь Жулега: Яны пачалі пісаць, што мэр у нас — выдатны чалавек, што ў горадзе ўсё цудоўна, шмат паркаў, горад расце і гэтак далей. Я пісаў у адказ, што з паркамі у нас не ўсё добра, што іх фактычна няма, нагадаў, што жыхары зараз подпісы збіраюць, каб у тым парку, што ёсць, хаця б лавы паставілі. У адказ мне пачалі пісаць, што па мяне хутка прыйдуць, каб я рыхтаваўся. Сур’ёзна я да гэтага не паставіўся, але як высветлілася — яны не жартавалі! Дарэчы, як мне потым растлумачылі, супрацоўнікам ідэалагічнага аддзела райвыканкама плацяць за тое, каб яны сядзелі і чыталі сайты пра Светлагорск і пісалі абвяржэнні. Незнаёмы з горадам чалавек пачытае іх каментары і вырашыць, што я “ганю” на горад — а ў нас усё выдатна і ліхтары паўсюль ноччу гараць. Таму я, адказваючы ім на форумах, рабіў гэта не ананімна, а падпісваўся сваім прозвішчам.

Еўрарадыё: Расказваючы пра дом мэра, вы асаблівую ўвагу звярнулі на душ: маўляў, і каштуе ён каля 1500 долараў, і функцыі там “наварочаныя”… Адкуль такая інфармацыя — вы ў ім былі?

Генадзь Жулега: Што тычыцца самога дома, то ён ведамасны. Яго пабудавалі паводле рашэння аблвыканкама ад 2003 года. Гэта рашэнне наконт стварэння спецыяльнага жыллёвага фонду для старшыняў райвыканкамаў, старшыні абласнога КДБ, пракурора ды іншых высокіх чыноўнікаў. Будаваў гэты дом 20-ы трэст, а заказчыкам было мясцовае ўпраўленне капітальнага будаўніцтва. І з будаўнікамі трэста заказчык да гэтага часу за выкананую працу не да канца разлічыўся — ім засталіся вінныя каля 100 мільёнаў рублёў. А пра душ…У гасцях у мэра я не быў, а вось якім чынам я туды патрапіў — пакуль я прыхаваю гэтую інфармацыю. Быў я там на законных падставах, вельмі даўно. Але якім чынам — не магу сказаць з меркаванняў уласнай бяспекі.

Еўрарадыё: Жонка мэра абвінавачвае вас у размяшчэнні паклёпніцкай інфармацыі…

Генадзь Жулега: Магчыма, паклёп тычыцца менавіта гэтай дарагой душавой кабіны — не выключана, што яны яе ўжо разабралі і вынеслі. Магчыма, паклёп яна ўбачыла ў тым, што я сказаў пра набыццё душавой кабіны, а яны на самой справе яе не набывалі? Што ж да абразы гонару і годнасці, то, найхутчэй, прычапіліся да слова “срака”.

Еўрарадыё: Сталічны міліцыянт пакрыўдзіўся на слова “паважны” ( рус. “вальяжный”), якім яго на форуме ахарактарызаваў драматург Андрэй Карэлін. Калі ваш ролік пачалі абмяркоўваць нават супрацоўнікі райвыканкама, асцярогаў, што і да вас з той жа прычыны прычэпяцца, не было?

Генадзь Жулега: Па шчырасці — не. Я нават не думаў, што гэта да мэра дойдзе — я не для яго гэта здымаў! Выклаў гэта ў групе, якую я ж і арганізаваў: “Светлагорскі пратэст”, на сваёй старонцы “Укантакце” — каб было зручней спасылкі даваць і на сайт “Дэмакратаў Гомеля”. Ды і забыўся на гэтую справу. Але нехта перавесіў ролік на сайт ОДС (Общественно-Демократический Сайт — Грамадска-Дэмакратычны Сайт (Гомеля). — заўв. Еўрарадыё). Праўда, нават тады я не думаў, што гэта выкліча такую рэакцыю. Тым больш я не лічу, што абразіў мэра альбо яго жонку. Я ж не называў іх гэтым словам — толькі часткі іх целаў. Слова звыклае, зразумелае і добра паказвала мае эмоцыі ад усяго, што адбываецца. Па праўдзе, не абразіць чыноўніка — часам гэта грэх, але менавіта ў тым відэа я перад сабой такой мэты не ставіў.

Еўрарадыё: Як жонка паставілася да ўсёй гэтай сітуацыі?

Генадзь Жулега: Далёка не ў захапленні была! Нават наадварот. Я яе супакойваў, казаў, што нічога не будзе — я нікога ў роліку не зняважыў, ні прынізіў, няпраўду не сказаў. А тут прыйшла міліцыя. Яна кажа: “Вось, калі ласка! А ты казаў, што нічога не будзе!”

Еўрарадыё: Вы яе і не падманулі: нічога няма — ні камп’ютара, ні мадэма… І ўсё ж — навошта вам, звычайнаму прадпрымальніку і блогеру, трэба было “будзіць льва”?

Генадзь Жулега: Сапраўды, у СМІ мяне прадстаўлялі звычайным чалавекам, блогерам. Але гэта не зусім так — ужо некалькі гадоў я з’яўляюся сябрам партыі “Справядлівы свет”, браў удзел у выбарах і як кандыдат, і як назіральнік. Даўно цікаўлюся і той тэмай, якую закрануў у сваім роліку. Але хачу асабліва адзначыць: не хачу, каб маю сацыяльную дзейнасць, накіраваную на наш горад, палітызавалі. Мая гэтая дзейнасць не інспіраваная партыяй — гэта мая асабістая ініцыятыва.

Еўрарадыё: Набліжаюцца мясцовыя выбары і гэты скандал можа стаць добрым пачаткам вашай выбарчай кампаніі….

Генадзь Жулега: Калі б мы жылі ў дэмакратычным грамадстве з нармальнай выбарчай сістэмай, то сапраўды — пачатак быў бы добры. У мяне быў бы добры шанец трапіць ці ў абласны, ці ў мясцовы савет. Але ў дадзеным выпадку я не лічу, што тое, што я зрабіў, неяк мне дапаможа. Сяргей Дайнека балатаваўся ў Палату прадстаўнікоў ад нашага горада — у горадзе яго ведалі, падтрымлівалі і на некаторых участках ён набраў ледзь не 99% галасоў. У выніку ж, паводле афіцыйных звестак, ён набраў менш за 20% галасоў. Мне дакладна нічога не свеціць!

Еўрарадыё: Вопыт драматурга Карэліна ды “відэаправакатара” з МАЗа сведчыць: ваша справа можа скончыцца пакараннем. Гатовыя да штрафу ці сутак?

Генадзь Жулега: Настроіў сябе, што трэба чакаць чаго заўгодна. Грошы на тое, каб заплаціць штраф, ёсць, а пасядзець на сутках… Хаця б пагляджу знутры на гэтую нашу сістэму — будзе пра што новы ролік зняць і што паказаць людзям!

Фота з архіва Генадзя Жулегі

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі