Як пераадолець цяжкасці ў вымушанай эміграцыі? Парады псіхатэрапеўта

Вымушаная эміграцыя — гэта эміграцыя "ад", а не "для" / калаж Улада Рубанава
Вымушаная эміграцыя — гэта эміграцыя "ад", а не "для" / калаж Улада Рубанава

Смерць за мяжой ад голаду і абмаражэння — фантазіі беларускіх прапагандыстаў. Тым не менш беларусы ў вымушанай эміграцыі сутыкаюцца з шэрагам цяжкасцяў. Што гэта за праблемы, а галоўнае — як іх пераадолець, праекту "Хуткая ўзаемадапамога" расказвае Яўгенія Тачыцкая.

Сабралі для вас асноўнае з размовы з псіхатэрапеўткай, якая сама вымушана пакінула Беларусь.

Чым звычайная эміграцыя адрозніваецца ад эміграцыі вымушанай?

“Я б прывяла тут такі прыклад. Мне наогул здаецца, што эміграцыя вельмі моцна нагадвае — тут можна правесці аналогію — пакіданне сям'і. Вы выраслі, і вас кудысьці адпраўляюць. Але ж ёсць розніца. Вось вам 17, і вы ўсё жыццё марылі вучыцца ў Оксфардзе або пераехаць у Канаду, вы вучылі мову, атрымлівалі візу, знайшлі сабе ўніверсітэт або працу, бацькі далі вам наказ. Вы, поўныя надзей, паехалі, але вы можаце вярнуцца.

Іншая справа — калі нейкі старэйшы аўтарытарны сваяк, можа, неадэкватны, кажа: "Валі адсюль, інакш рукі-ногі пераламаю". І тое ж самае: вам 17, але вы апынуліся на марозе і не вельмі разумееце, што рабіць. А яшчэ гэта адбываецца раптоўна, і не факт, што вы зможаце вярнуцца.

Калі чалавек проста эмігруе, ён эмігруе дзеля лепшай будучыні. Вымушаная эміграцыя — гэта эміграцыя "ад", а не "для". У гэтым ёсць нотка пройгрышу: "Мяне прымусілі нешта зрабіць". Гэта непрыемна, таму мы адчуваем гнеў, прыніжэнне, бяссілле, страх. Па-другое, мы не вельмі падрыхтаваныя. Я, напрыклад, яшчэ польскай не ведаю. А людзі, якія рыхтаваліся загадзя, вучылі мову гадамі. Гэта значыць, трэба неяк хутка спраўляцца".

Што дапамагае беларусам і беларускам лягчэй пераносіць цяжкасці?

“Па-першае, трэба забяспечыць сабе нейкую фізічную глебу. Гэта значыць, проста разумець, куды вы едзеце, навошта, чаму. Магчыма, знайсці працу. Магчыма, пачаць вывучаць, пракансультавацца наконт нейкіх юрыдычных асаблівасцяў. Вельмі добра, калі там, куды вы едзеце, у вас ужо ёсць сябры. Калі няма — выдатна было б знайсці там нейкую супольнасць і завесці знаёмства. Пачытаць загадзя пра гэтую краіну. У тым месцы, куды вы едзеце, знайсці тое, што вам вельмі падабаецца. Мы, я і мая сям'я, вельмі не хацелі ехаць. І я сказала: калі мы паедзем, то да мора. Мора — гэта суцяшальная для мяне штука".

Што рабіць, калі хочацца вярнуцца дадому проста цяпер?

"Важна з самага пачатку вызначыць, вы цяпер у здаровым розуме і цвярозай памяці ці не. То бок, калі вы ў здаровым розуме і цвярозай памяці, то як дарослы чалавек можаце цвяроза ацаніць рызыкі? Калі рызыка вярнуцца дадому, рызыка быць затрыманым, рызыка быць траўмаваным, рызыка, можа быць, сесці на працяглы тэрмін менш страшная, чым тое, што вы перажываеце цяпер, — ОК, вы маеце на гэта права.

Але калі вы разумееце, што вы ў афекце, проста ў нейкім вельмі моцным эмацыйным перажыванні і не вельмі цвяроза думаеце, як дзіця, якое згубілася на рынку і не можа знайсці бацькоў, то ў гэты момант вельмі важна спыніцца: выдыхнуць, адчуць глебу пад нагамі, літаральна зямлю патаптаць.

А потым трэба звярнуцца да кагосьці па дапамогу. Гэта можа быць хтосьці, каго вы паважаеце, хтосьці, хто вас падтрымлівае: сябар, сваяк, псіхолаг або псіхатэрапеўт. Я бачыла такія запыты ў супольнасці "Беларусы ў Варшаве", а пад імі — 80 каментароў, якія ў асноўным падтрымліваюць".

Як не страціць ідэнтычнасць у эміграцыі?

“А што такое ідэнтычнасць асабіста для вас? Мова? Бел-чырвона-белы сцяг? Ваш сямейны спосаб пячы пірагі? Кладзяце вы абрус на стол, калі госці прыходзяць, ці не кладзяце? Трэба зразумець, што робіць вас вамі, і знайсці спосаб быць гэтым. Трэба адказаць сабе на пытанне: хто я? Чалавек, жанчына, маці, псіхатэрапеўтка? І далей ідзе шмат-шмат розных "я". І галоўнае — задаць сабе пытанне: без чаго я — гэта ўжо не я?”

Ці варта пастаянна чытаць беларускія навіны, калі я ўжо не ў Беларусі?

“Калі чалавек глядзіць навіны 24/7, гэта дрэнна. Не рабіце так. Бо гэта таксама пытанне таго, што для вас важна. Калі вы цяпер больш не вывозіце чытаць пра затрыманне, катаванні і рэпрэсіі, то не рабіце гэтага. Трэба сябе зберагчы, абаперціся на нешта.

Мне здаецца, добра было б вылучыць нейкі час у дзень. Напрыклад, я чытаю навіны паўгадзіны ўвечары або па 15 хвілін два разы на дзень. Пытанне ж яшчэ, з якой матывацыяй вы чытаеце навіны 24/7. Для вашай бяспекі гэта ўжо не трэба.

Каб адчуваць меншае пачуццё віны я таксама пакутую, чытаючы навіны? Наўрад ці гэта камусьці дапаможа. А наогул нядрэнна было б і мясцовыя навіны пачытаць: што за сланяня ў вас у заапарку нарадзілася, што за заўзятары сёння ў вас па вуліцы ходзяць".

Як зразумець, што мне патрэбная падтрымка? 

“Калі на працягу хаця б двух тыдняў вы наогул не адчуваеце радасці, прачынаецеся раніцай і ўжо стаміліся, вас не натхняюць вашы любімыя, не ведаю, ровар, серыялы — так, час ісці [да спецыяліста — Еўрарадыё]. Калі большую частку часу вы знаходзіцеся ў напрузе, не можаце расслабіцца, пастаянна злуяцеся, не можаце засяродзіцца, у вас перасыхае ў роце, цісне ў грудзях, камяк у горле — так, трэба ісці".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі