Як смелыя беларусы здзяйсняюць свае мары пры падтрымцы Еўрасаюза
У мінскім парку Горкага адкрылася фотавыстава “Праекты ў асобах”. Яна распавядае пра беларусаў, якія ўвасабляюць свае крутыя ідэі і змяняюць жыццё, дзякуючы фінансавай падтрымцы Еўрасаюза. Праекты закранаюць самыя розныя сферы: ад бізнесу і камунікацый да культуры, агратурызму і інклюзіўных практык.
"Праектам у асобах" чатыры гады. Увесь гэты час з крэатыўнымі беларусамі працуе фотамастачка Юлія Мацкевіч.
"Каб змяніць жыццё, трэба пачынаць з сябе. Нашы героі гэта паказваюць і даказваюць, — дзеліцца ўражаннямі аб працы над праектамі Юлія. — Я езджу па Беларусі, знаёмлюся. Героі вельмі занятыя. Часам даводзіцца за 10 хвілін перажыць 10 гадоў жыцця чалавека, каб паказаць яго душу. Партрэт — падаецца, што лёгка і проста. Але толькі ў тым выпадку, калі чалавек займаецца тым, што любіць".
Еўрарадыё пазнаёмілася з героямі фотавыставы “Праекты ў асобах”. Паглядзіце, што яны прыдумалі!
Данііл Савёнак, вучань 9 класа наваполацкай СШ №8
Праект "Ад інклюзіўнай школы да інклюзіўнага горада" працуе, каб дзеці з інваліднасцю мелі роўныя магчымасці ў сферы адукацыі і вольнага часу.
У нашай школе вучацца пяць дзяцей-калясачнікаў. Школа трохпавярховая, і пэўны час па паверхах нас насілі бацькі. Але гэта праблематычна, бо мы расцём, становімся больш цяжкімі, да таго ж бацькі ходзяць на працу. Таму з пятага класа я вучыўся дома. Праз нейкі час школа набыла пад'ёмнік, але ён апынуўся вельмі небяспечным і павольным — можна было лёгка спазніцца на ўрок.
Праект "Ад інклюзіўнай школы да інклюзіўнага горада" пачала рабіць менавіта школа. Я даведаўся пра яго, і мне прапанавалі яго прадстаўляць. Месяц таму нам усталявалі ліфт, і мы ім карыстаемся. На трэці паверх дабіраемся раней, чым нашы аднагодкі на нагах. У нас ёсць хлопчык-калясачнік, які не надта верыў у змены. Але трэба было бачыць яго твар падчас адкрыцця ліфта! Звычайна на вазку яго прывозіць цётка. А тут ён сам пад'ехаў да ліфта. Усе былі такія радасныя, калі гэта адбылося! Мы, звычайныя дзеці, аднакласнікі, дарослыя, тады стала зразумела, што мы — адно цэлае, мы — грамадства.
Дагэтуль я вучыўся дома. Цяпер прыйшоў у школу. Я вельмі шчаслівы, гэта зусім іншыя адчуванні.
Яшчэ ў межах праекта плануецца будаўніцтва спартыўнай пляцоўкі. Па суботах у школе праводзіцца гадзіна здароўя для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі. Я хаджу туды кожную суботу. Нам вельмі падабаецца займацца спортам, і пляцоўка была б зусім не лішняй.
У грамадства ўжо атрымліваецца нас прымаць, але не заўсёды так, як бы нам хацелася. Мы хочам, каб нас не баяліся, з намі кантактавалі, як з любымі людзьмі, не лічылі нас іншапланецянамі.
Ірына Васіленка, вядучая навуковая супрацоўніца НДІ фізіка-хімічных праблем БДУ, дацэнт
Разам з калегамі з Ліёна сінтэзавала манамер, які дазваляе знізіць спажыванне нафты.
Знайсці фінансаванне менавіта міжнародных кантактаў, грошы на сумесныя даследаванні даволі складана. Дзякуючы праграме "Мост", я ездзіла ў Ліён у Нацыянальны інстытут прыкладных навук. Была там 27 дзён. Так у мяне атрымалася працягнуць сумеснае даследаванне з французскім калегам.
Даследаванне прысвечанае палімерызацыі манамера, даступнага з узнаўляльнай сыравіны. То бок, гэта спосаб знайсці альтэрнатыву палімерным матэрыялам, якія вырабляюцца з нафтавай сыравіны. Альтэрнатыўнай крыніцай могуць стаць расліны і дрэвы. Наша даследаванне паказала, што ёсць магчымасць і перспектыва прымянення новага манамеру для сінтэзу эластамераў з узнаўляльнай сыравіны. Мы стварылі манамер, даступны з анісу і фенхелю.
Стварэнне альтэрнатывы палімерным матэрыялам — добра для экалогіі і ў цэлым для ўстойлівага развіцця. Можна вырошчваць фенхель і з яго атрымліваць манамер, і, адпаведна, палімерныя прадукты на яго аснове. Гэта вельмі важна, асабліва для нашай краіны, дзе хоць і вядзецца здабыча нафты, але не ў такіх вялікіх колькасцях.
Гэта праца на перспектыву, але, у той жа час, вельмі сучасны накірунак, асабліва ў ЕС, дзе шмат сродкаў выдзяляецца на стварэнне ўзнаўляльнай энергетыкі, выкарыстанне ўзнаўляльных рэсурсаў. Думаю, што мы з калегамі дасягнулі пэўных поспехаў, цяпер рыхтуем публікацыю ў прэстыжны навуковы часопіс.
Юрый Баль, і Ларыса Мурашка, Акадэмія навук Беларусі
Праект накіраваны на ўкараненне лічбавых тэхналогій і сэрвісаў, якія даюць спецыялістам у сферах навукі, культуры і адукацыі новыя магчымасці для самарэалізацыі.
Мы прадстаўляем праект EAPConnect і акадэмсетку BASNET — гэта навукова-даследчая сетка Беларусі. Дзякуючы ёй, навукоўцы шасці краін Усходняга партнёрства, Малдовы, Украіны, Азербайджана, Грузіі, Беларусі і Арменіі, праводзяць сумесныя даследаванні. Гэта дазваляе супрацоўнічаць навукоўцам, студэнтам і школьнікам, таксама карыстальнікі нашай сеткі маюць доступ да навуковых еўрапейскіх сетак.
У межах праекта існуе шмат сэрвісаў. Напрыклад, Lola — гэта магчымасць для музыкаў з розных краін выступаць разам онлайн без затрымкі. Музыкі знаходзяцца ў розных краінах, але могуць разам граць канцэрт. Нядаўна сервіс Lola быў выкарыстаны ў Таліне: беларускія музыкі разам з грузінскімі і эстонскімі калегамі выконвалі класічныя і джазавыя творы. Сэрвіс стварае эфект прысутнасці. Дзякуючы высокай хуткасці перадачы дадзеных акадэмсеткай, складаецца ўражанне, што музыкі знаходзяцца ў адным памяшканні.
У ідэале беларусы атрымаюць магчымасць даведацца пра творчасць замежных музыкаў. Да таго ж, вучні музычных школ праз наш сэрвіс змогуць наведаць майстар-клас любога музыкі і, няхай сабе і онлайн, але зладзіць з ім асабістую сустрэчу. Можна разам паджэміць! У Еўропе мы спрабавалі зладзіць канцэрт двух арганаў, чаго немагчыма зрабіць у рэальнасці.
Смеласць рэалізаваць ідэі
Выстава будзе працаваць у Мінску да 10 чэрвеня, а пасля пабывае яшчэ ў 13 гарадах Беларусі.
"Тут вы бачыце 29 гісторый людзей, у якіх былі новыя ідэі, якія прыклалі да ідэй намаганні і знайшлі ў сабе смеласць іх рэалізаваць, — распавядае кіраўніца Прадстаўніцтва ЕС у Беларусі Андрэа Віктарын. — Гэта ўнікальная магчымасць распавесці пра разумных, натхнёных беларусаў, якія супрацоўнічаюць з Прадстаўніцтвам Еўрапейскага саюза".
Сёлета выстава “Праекты ў асобах” праводзіцца ў чацвёрты раз. За тры папярэднія гады экспазіцыя пабывала ў 23 буйных і малых гарадах Беларусі і прадставіла 71 праект, а гэта значыць, 71 гісторыю перамен да лепшага.
Як атрымаць падтрымку Еўрасаюза
Калі вы прыдумалі круты праект, марыце яго ўвасобіць у жыццё і шукаеце грошы — заходзьце на сайт euprojects.by. Там падрабязна распісаныя ўсе магчымасці, якімі могуць скарыстацца беларусы.